Тры гады таму ў Беластоку журналісты, вымушаныя з’ехаць з Беларусі, заснавалі пляцоўку для працы і развіцця. Такім чынам амаль у цэнтры горада паўстаў каворкінг і новае медыя, якое “будуе масты”. Сённяшні Госць Рацыі – Руслан Кулевіч, кіраўнік каворкінга MediaPort і галоўны рэдактар партала MOST Media непасрэдна спрычыніўся да гэтага. Як гэта было ён распавядае нашай карэспандэнтцы Яне Запольскай.

РР: І каворкінг MediaPort і MOST Media адзначаюць тры гады свайго існавання. Для медыя – гэта “падлеткавы такі ўзрост”, але тыя ўмовы, у якіх мы ёсць, існуючы ў эміграцыі, у замежжы, тры гады – гэта, можна сказаць, поспех.
Руслан Кулевіч: Так, я лічу, што паспяховы праект, і мы можам рабіць больш, але спрабуем такімі маленькімі крокамі кожны год паказваць усё лепшыя і лепшыя вынікі. І сапраўды сёння мы адзначаем Дзень нараджэння і каворкінга MediaPort у Беластоку, і MOST Media. Я памятаю, калі тры гады таму мы адкрывалі гэты каворкінг для журналістаў, адразу і націснулі кнопку запуску сайта. І тады я не ведаў, што мы будзем працаваць на ўсю Польшчу, на ўсіх беларусаў у Польшчы. Думаў, што будзе толькі на Гародню і Беласток. Але вось так мы выраслі, і лічу, што гэта поспех усёй каманды.
РР: Гэта закладалася як такі трансгранічны мост, можна так сказаць?
Руслан Кулевіч: Так. На той год мне здавалася, што я пабудую мост, каб аб’яднаць аўдыторыю з Гародні, тую, якая засталася ў мяне, гэта чытачы, якія чыталі мяне з праекта “Гродна лайф” і прадстаўнікі дыяспары ў Беластоку. Я не хацеў страціць гэтых чытачоў, таму быў такі мост. Але зараз мы бачым, што, напрыклад, Беласток і Гародня на 8-9 месцах у нас па наведвальнасці. Галоўныя кропкі – гэта беларусы Варшавы, Вроцлава, Гданьска і г.д. Мы за тры гады вельмі выраслі, каманда вырасла, і шмат студэнтаў прыходзяць да нас на практыку. Вось зараз пяць студэнтаў стажыраваліся. І кожны год з гэтых студэнтаў, якія прыходзяць на стажыроўку, хтосьці застаецца з намі працаваць.
РР: Акрамя аўдыторыі, што змянілася яшчэ за гэтыя тры гады з таго, з чаго вы пачыналі і што вы маеце на сённяшні дзень?
Руслан Кулевіч: Напэўна, змянілася каманда, бо калі мы пачыналі было шмат журналістаў з розных рэгіёнаў, і мы далі магчымасць усім папрацаваць. А зараз апошнія паўтары гады сфармаваўся такі касцяк, які стала працуе як адзін механізм, без ніякіх змен. Але прыходзяць новыя журналісты, нават з Гародні прыязджаюць і мы спрабуем неяк супрацоўнічаць. На жаль, ёсць праблема, мы не можам даваць “умова працы”, бо мы не ведаем, як мы будзем працаваць, і заўсёды трэба шукаць грошы.
РР: Думаю, што праблема агульная для беларускіх журналістаў.
Руслан Кулевіч: Так. Як за гэтыя тры гады нам удалося плыць, ісці, я не ведаю, бо гэта сапраўды цяжкі працэс – шукаць гэтыя грошы і зарабляць на рэкламе, выйграваць нейкія конкурсы. Як бачна, мы працуем і спадзяюся за наступныя 5-10 гадоў мы сапраўды пабудуем той мост, які мы планавалі на пачатку.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя