BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Самаўрады з памежных раёнаў супраць буфернай зоны

Фота: PAP

Самаўрады з памежных з Беларуссю раёнаў адзначаюць, што ўвядзенне забароны на знаходжанне ў некаторых раёнах прынясе велізарныя страты турыстычнай індустрыі.

Пра аднаўленне буфернай зоны прэм’ер–міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у сераду, 29-га траўня, у сувязі з ростам міграцыйнага ціску і ўзмацненнем нападаў на польскія службы, якія ахоўваюць мяжу.

Ліст падпісалі стараста гайнаўскі, а таксама войты гмін Нараўка і Белавежа. Яны падкрэсліваюць, што многія жыхары зарабляюць на жыццё турызмам.

Буферная зона азначае адразанне ад крыніц даходаў некаторых уладальнікаў гасцініц, агратурыстычных сядзібаў і рэстарацый. Зніжэнне даходаў можа скласці нават 30%. Зніжэнне даходаў ад індустрыі турызму таксама азначае зніжэнне падатку на прыбытак у бюджэты мясцовых органаў улады.

Таму яны просяць прыпыніць рашэнне пра буферную зону і правесці грамадскія кансультацыі. Яны адзначаюць, што выступаюць за далейшае ўмацаванне мяжы, але забарона на знаходжанне на ёй не можа распаўсюджвацца на мясцовасці, важныя аб’екты і турыстычныя маршруты.

Падчас візіту на Падляшша 29 траўня, прэм’ер-міністр Дональд Туск анансаваў 200-метровую буферную зону на мяжы з Беларуссю. Пазней быў анансаваны праект Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, які прадугледжвае забарону наведвання 26-ці мясцовасцяў у Гайнаўскім павеце і адной у Беластоцкім. Забарона пачала б дзейнічаць  з 4 чэрвеня цягам 90 дзён.