Шэлтар для беларускіх уцекачоў у Варшаве працягвае сваю працу. Але яго дырэктарка – сённяшняя Госця Рацыі – Ганна Федаронак распавяла нашаму радыё, што цяпер Дом знаходзіцца ў складанай сітуацыі.

РР: Шэлтар для беларускіх уцекачоў існуе ўжо не першы год. Як ён змяняецца?
Ганна Федаронак: Як шэлтар для беларускіх палітуцекачоў ён існуе толькі год. 1-га кастрычніка роўна год. Да гэтага часу ён быў для ўкраінскіх уцекачоў – мамаў з дзецьмі. І шэлтар тады фінансавалі італьянцы. Але мы дапамагалі і беларусам. І калі італьянцы скончылі сваю праграму па фінасаванні, шэлтар ужо быў усталяваны. Шэлтар – гэта трохпавяровы домік. Мы яго здымаем у палякаў, плацім ім арэнду. Там пакоі былі падрыхтаваныя, кухня, посуд – усё было зроблена пад шэлтар. Таму мы хацелі працягваць дапамагаць, асабліва беларусам. Бо беларусы па цяперашні час едуць. Беларусы выходзяць з турмаў і едуць сюды.
Тады ў нас было 10 дзён, каб пратрымацца. Мы знайшлі грошы на паўтара месяца. А далей ужо фонд BY_help узяў нас пад сваё крыло. Знайшлі донара і аплачвалася ўжо донарам. Але ўжо скончыўся год і ізноў нам трэба на пару месяцаў знайсці грошы, каб пратрымацца. Бо з новага году ёсць крыніца, адкуль будзе фінансаванне. А зараз ужо вычарпаны ліміт і ізноў шукаем грошы, каб пратрымацца пару месяцаў. Каб яшчэ год мог праіснаваць шэлтар. За год прайшлі праз шэлтар 138 чалавек, гэта ўлічваючы дзяцей. Таму што едуць сем’ямі. Таксама дапамагаем сем’ям ваяроў, яны таксама прывозяць свае сем’і да нас. Некаторыя едуць з жывёламі – сабакамі, катамі. Гэта вельмі цяжка, таму што ўмовы з гаспадаром падпісаныя без жывёл. Даводзіцца дамаўляцца асабіста з гаспадаром, каб ён дазволіў. Палітвязні жывуць да 2 месяцаў, а людзі, якія з’язджаюць ад рэпрэсій – да месяца. За гэты месяц дапамагаем з легалізацыяй, дапамагаем знайсці працу. Я ўсё гэта раблю ў шэлтары.
РР: У якім маральным стане зараз прыязджаюць палітвязні?
Ганна Федаронак: Для мяне гэта так радасна на душы, што людзі прыязджаюць не зломленыя. Мы тут больш у песімізме нейкім, у расчараваннях, а людзі прыязджаюць, адседзеўшы па 3-4 гады, гатовыя да барацьбы. І гэта самае галоўнае. Гэта падымае мне настрой і дабаўляе аптымізму.
Рахунак шэлтару ў злотых:
Linking Media
67 1090 2851 0000 0001 3007 9300
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя