BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сёстры Жана Захаркевіч і Надзея Сцепанцова: Мы жывём тым днём, калі паедзем у Беларусь

Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё з пачатку і засвойваць новыя прафесіі.

Гісторыя 5. Сёстры Жана Захаркевіч і Надзея Сцепанцова маюць юрыдычную і эканамічную адукацыі. Цяпер яны працуюць на складзе. Новую працу лічаць цікавай. Аднак жывуць тым днём, калі вернуцца ў Беларусь.

Жана Захаркевіч паходзіць з Гародні. У 2020 годзе Жана і яе сястра Надзея Сцепанцова актыўна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, за што ў дачыненні да іх распачалі крымінальную справу. Спачатку па артыкуле 342 “Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, а потым па артыкуле 364 “Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”. Жанчын асудзілі на хімію з пасяленнем. Жану на 3 гады, а Надзею на 3,5 гады.

“Мы з сястрой не хацелі працаваць на рэжым і заставацца, бо гэта ўсё было незаконна. І ў 2021 годзе мы балотамі збеглі з Беларусі ў Літву”. — Распавядае Жана Захаркевіч. Калі сёстры знаходзіліся па-за межамі Беларусі Гарадзенскі абласны суд завочна іх судзіў і змяніў ім рэжым, прызначыўшы ўжо пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады для Жаны і 2,5 гады для Надзеі.

Да 2020 года Жана ўсё жыццё працавала работнікам аддзела кадраў. Спачатку на “Гродна-Азот” табельшчыцай, а потым у гарадской паліклініцы №1 вядучым спецыялістам па кадрах. Яна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і мае юрыдычную адукацыю. Працоўны стаж у Беларусі склаў 10 год. “Мяне вымусілі звольніцца. Калі пачалі зганяць усіх на праўладныя мітынгі, я заявіла, што туды не пайду, бо супраць рэжыму. І для мяне зрабілі такія ўмовы, што пакінулі толькі голы аклад. – Тлумачыць Жана Захаркевіч. — На бюджэце заробкі малыя, таму ўсе сядзяць на прэміях і дадатковых стаўках. З мяне ўсё паздымалі і пакінулі толькі аклад, а гэта 200 рублёў. Заробак мізэрны, а нагрузка вялікая”.

Спачатку сёстры Жана і Надзея эмігравалі ў Літву. Там яны змаглі атрымаць бясплатна жытло на 10 дзён, прадукты, вопратку на першы час. “Мы ж збеглі з адным заплечнікам, не было нават ува што пераапрануцца, грошай з сабой таксама не бралі, бо баяліся, што памежнікі затрымаюць”. — Згадвае Жана Захаркевіч.

У Літве жанчыны, каб пражыць, браліся за любую працу. Спачатку было цяжка. Нават хадзілі перагружаць і ўпакоўваць дровы. Жана дагэтуль згадвае пра гэтую працу як пра самую цяжкую:

— Гэта страшэнная, пякельная праца. Мы ж такія работнікі ІТР, не прызвычаіліся да фізічнай працы, а тут давялося. Таму што захочаш жыць, умей вярцецца. Спадзявацца не было на каго, толькі на сябе. Гэта накшталт падпрацоўкі было, без афіцыйнага працаўладкавання. Ды мы і не мелі права працаваць, а есці хацелася. У Літве шмат беларусаў, якія дзеляцца інфармацыяй пра падпрацоўкі. Мы браліся таксама за прыборкі, каб зарабіць трошкі грошай на жыццё. Але самая цяжкая была на дровах. Там і мурзаты, нібыта ў сажы пабываў. І самі па сабе дровы нялёгкія. Нас хапіла на адзін раз. Мы б пайшлі і болей, але наймальнік чамусьці нас не захацеў болей наймаць (Жана смяецца на гэтых словах — заўв.аўт.) Мы ўпакоўвалі дровы ў сеткі. За гэты дзень вельмі стаміліся, ледзь прыйшлі дадому, як той казаў, без рук без ног. Ледзь прыпаўзлі, грошай не было нават даехаць, ішлі пешшу. Добра, што недалёка было, кіламетры два.

Паколькі ў Жаны і Надзеі былі гуманітарныя візы Польшчы, то іх накіравалі ў гэтую краіну. Як прызнаецца Жана, польскую мову яны разумелі, але размаўляць не маглі. Дадатковых прафесій напярэдадні эміграцыі яны не атрымлівалі, бо не збіраліся з’язджаць і не бачылі жыцця ў іншай краіне. “Самі разумееце, што нашая юрыдычная адукацыя тут нікому не патрэбная. У сястры эканамічная. Ні мовы, ні законаў не ведаем, таму па прафесіі не маглі ўладкавацца”, — гаворыць Жана.

Самая цікавая праца ў сясцёр была ў Зялёнай Гуры (горад у заходняй Польшчы — заўв. аўт.). Жанчыны працавалі там у друкарні, якая займалася нанясеннем лагатыпаў і ваяваў на сувенірную і карпаратыўную прадукцыю. “Вельмі цікавая праца. Розныя рэчы, статуэткі, упакоўкі. Нам, напэўна, як жанчынам было вельмі цікава”. — Прызнаецца Жана Захаркевіч. 

Аднак сястры вырашылі пераехаць у Беласток. Бо хацелі ўдзельнічаць у розных акцыях пратэсту. А ў Зялёнай Гуры яны не сустрэлі беларусаў. У Беластоку ім дапамаглі ў Саюзе палякаў і ў фондзе “Акно на Усход”.

Жанчыны працавалі на кухні з дыетычным харчаваннем, дзе раскладалі порцыі, у клінінгавай кампаніі, дзе іх накіравалі на завод прыбіраць офісныя памяшканні. “Мы працавалі па ўмове “zlecenia”, але мы немаладыя людзі, дзесьці і прыхварэем, і адпачынак нам патрэбны. Нас не захацелі пераводзіць на ўмову “о працэ” (працоўная дамова – заўв.аўт.), мы вырашылі перайсці на іншую работу.” — Адзначае Жана Захаркевіч.

Цяпер жанчыны працуюць паводле працоўнай дамовы на складзе з рознымі відамі тавараў (корм для хатніх жывёл, побытавая хімія, памперсы і г.д.). Тут яны камплектуюць тавар. Працу ім дапамаглі знайсці знаёмыя.

Цяперашняя работа Жане і Надзеі падабаецца. Аднак яны ўсё роўна жывуць надзеяй на вяртанне да дому. Толькі калі раней ім падавалася, што пройдзе месяц, усё зменіцца і яны паедуць у Беларусь, то цяпер тэрміны сталі большымі:

— Цяпер мы таксама чакаем, што паедзем да дому. Але толькі з’едзем не праз месяц, як мы раней меркавалі. Кожны новы год мы гаворым, што наступны будзем адзначаць ужо ў Беларусі. Мы тут заставацца не плануем. Мы жывём тым днём, калі паедзем у Беларусь. Нам нават чамадан не трэба браць, першым цягніком паедзем. Як толькі магчыма будзе, то мы адразу паедзем у Беларусь, мы жывём гэтым днём. — Падсумоўвае Жана Захаркевіч.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя