Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе грузінскі Батумі стаў прытулкам для больш як дзесяці тысяч украінцаў. Частка з іх не засталася ў цені — яны згуртаваліся ў супольнасць «Майдан Батумі», каб быць гучным голасам сваёй краіны на чужыне. Побач з беларусамі яны штодня выходзілі на Плошчу Еўропы — каб нагадваць свету, што вайна не скончылася, што боль і барацьба працягваюцца.

Выступае Аляксей Севярыненка
Пра тое, чым жыве ўкраінская супольнасць у Батумі цяпер, кажа адзін з актыўных удзельнікаў «Майдана Батумі», грамадскі дзеяч Аляксей Севярыненка:
-Найважнейшая змена – гэта тое, што зараз фактычна спыніліся штодзённыя акцыі на Плошчы Еўропы. Зараз, на жаль, гэтых акцый мы не праводзім з розных прычын. Мы іх часова прыпынілі ў мінулым годзе восенню падчас парламенцкіх выбараў.
Па словах актывіста, у Батумі паўстаў такі цэнтр украінскай супольнасці як «Украінскі дом»:
-У Батумі афіцыйна адкрыты «Украінскі дом». Такі ж дом існуе і ў Тбілісі, але ў Батумі гэта не філіял, а самастойная ўстанова. Зараз там адбываюцца лекцыі, майстар-класы, штосьці для дзяцей. Ёсць невялічкая бібліятэка ўкраінскай літаратуры.
Прадстаўнікі супольнасці «Майдан Батумі» з 2022 года шчыра супрацуюць з беларусамі і найбольш з прадстаўнікамі арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі».
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






