
Сітуацыя на польска-беларускай мяжы абвастрылася. Гэта канстатаваў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле яго слоў, замежнікі, якія з боку Беларусі спрабуюць патрапіць у ЕЗ у абыход рэгулярных працэдур, сталі паводзіць сябе жорстка.
Мігранты дзейнічаюць у складзе вялікіх груп, яны кідаюць камяні або галіны, а таксама спрабуюць праламаць загароджу піламі-балгаркамі. Толькі за ноч з пятніцы на суботу было зафіксавана некалькі сотняў спробаў пранікнення ў Польшчу.
“Усё гэта створана, усё гэта скіравана”, — кажа Касіняк-Камыш, адмаўляючы натуральны характар такой міграцыі. Паводле яго слоў, задача людзей, якіх выкарыстоўваюць у гэтых працэсах, — не патрапіць у Еўразвяз, а “напасці на Польшчу”.
Вынікам міграцыйнага крызісу стала рашэнне Польшчы больш не прымаць заявы аб прадастаўленні прытулку, якія падаюцца мігрантамі, калі тыя спрабуюць перасекчы мяжу ў абыход рэгулярных працэдураў.






