Прэм’ера спектакля “Бежанцы 1915” ад BY TEATR пройдзе 14 і 15 ліпеня ў Тыкоціне ў Салоне пад совамі. Плануецца, што на першым паказе будзе прысутнічаць Анэта Прымака-Онішк, аўтарка кнігі “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы”.

Спектакль паўстаў на аснове гэтай кнігі, у ім распавядаецца гісторыя жыхароў усходняй Польшчы, якія пасля пачатку Першай сусветнай вайны былі вымушаныя, найперш з увагі на прапаганду царскіх уладаў, уцякаць углыб Расеі.
Спектакль рэалізавалі артысты з Польшчы і Беларусі, а паставіў яго BY TEATR, які дзейнічае ў Варшаве як калектыў беларускіх людзей тэатру, якія з палітычных прычын былі вымушаны выехаць з Беларусі. Асабісты досвед творцаў узмацняе галоўную лінію спектакля, які загучыць на польскай, беларускай і расейскай мовах, а таксама на мясцовым падляшскім дыялекце.
Галоўны партнёр праекта – Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. У далейшым паказы пройдуць у іншых мясцовасцях Падляшша: Гарадку, Нараўцы і Тэрэмісках.
Беларускае Радыё Рацыя