BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Спектакль, прысвечаны Яраславу Кастыцэвічу, пакажуць у Бельску

“Добры дзень, Яраслаў Васільевіч” – спектакль на аснове ўспамінаў вучняў Яраслава Кастыцэвіча змогуць паглядзець сёння жыхары Бельска-Падляшскага. Аўтарам сцэнара і рэжысёрам спектакля з’яўляецца Яанна Троц з тэатру “Чрэво”. Гэта чарговы спектакль на беларускай мове, які акцёрка і рэжысёрка рэалізуе супольна з вучнямі бельскіх школ у супрацоўніцтве з Фондам “Яны гэта мы”. Напярэдадні ў Непублічнай пачатковай школе нумар адзін ў Бельску-Падляшскім былі прадстаўлены два беларускія спекатклі ў выканні юных акцёраў са школьнага тэатральнага гуртка.

fot. Wojciech Wojtkielewicz

З Яаннай Троц паразмаўлялі пра самі спекталі і пра дзейнасць тэтру “Чрэво”:

-Два спектаклі – малодшыя дзеці з класаў 1 – 3 граюць спектакль “Сумны суп” паводле Вольгі Гапеевай. Гэта файная кніжка, якую мы ў хаце чыталі з маімі дзецьмі. І я падумала, што варта было б зрабіць пра гэта спектакль. Старэйшыя дзеці зайграюць спектакль “Чорт і баба” паводле Францішка Аляхновіча. І тут Аляхновіч напісаў камедыю на аснове народнай казкі пра чорта і бабу. А ў нас чатыры бабы. І гэта вельмі цікавае здарэнне выйшла. Будзе і жывая музыка – гармонь. Старэйшыя дзеці таксама прыдумалі шмат розных спецэфектаў. Малодшыя вучацца, як граць у тэатры. А ў старэйшых гэта ўжо пяты спектакль, які мы разам паставілі. Сэрца радуецца, калі бачыш, што сапраўды яны ўжо самі хочуць штосьці прыдумаць.

РР: Ранейшыя спектаклі таксама былі на беларускай мове?

Яанна Троц: Так, ранейшыя спектаклі таксама былі на беларускай мове, а таксама на гаворцы, гралі “по-своему”.

РР: Спектакль, які пакажаце ў Бельскім доме культуры, прысвечны адметнай для беларусаў Бельшчыны постаці Яраслава Кастыцэвіча.  

Яанна Троц: Яраслаў Кастыцэвіч – гэта тэма асобнай перадачы. Настаўніца беларускай мовы – спадарыня Валянціна Бабулевіч вырашыла, што трэба зрабіць спектакль пра Кастыцэвіча. І мы паставілі разам спектакль. Яшчэ не было кніжкі Дарафея Фіёніка, я напісала сцэнар паводле розных тэкстаў, успамінаў вучняў Яраслава Кастыцэвіча. Шмат чаго распавёў нам ягоны зяць. Мы з ім спатыкаліся. І так сабралася група моладзі і мы паставілі спектакль. Мінула 7 гадоў і аказалася, што добра было б паставіць яшчэ раз, набраць новую групу і паказаць спектакль. Бо будзе круглая гадавіна Беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскім, і гэта вельмі добрая нагода, каб пагаварыць пра дырэктара гэтага ліцэя – Яраслава Кастыцэвіча. Будзе перадпрэм’ерны паказ. А прэм’ера рыхтуецца на верасень. Тады будзе сустрэча выпускнікоў, вялікае мерапрыемства, канцэрт і прэм’ера нашага спектаклю.

Дапрэм’ерны паказ спектаклю ”Добры дзень, Яраслаў Васільевіч” адбудзецца сёння ў Бельскім Доме Культуры. Пачатак а 19-тай гадзіне.

Цалкам гутарка:

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя