BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сталі вядомыя лаўрэаты Падляшскай Маркі 2024: урачыстая цырымонія прайшла ў Беластоку

У сценах Падляшскай Оперы і Філармоніі ў Беластоку адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэстыжнага конкурсу Падляшская Марка 2024. У дзесяці катэгорыях былі адзначаны найлепшыя ініцыятывы, прадукты, праекты і падзеі, якія яскрава прадстаўляюць Падляшша і спрыяюць яго развіццю.

Кажа Маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Пракорым:

– Гаспадарчую дзейнасць нашага ваяводства, улічваючы няпростае суседства, мы імкнемся арганізоўваць у супрацы з Еўрапейскім звязам, каб мець больш сродкаў на важныя рэчы, якія маглі б рэалізаваць. Думаю, што конкурс «Падляшская марка» стварае магчымасці таксама для меншасцяў, якія жывуць у нас, – культурных, нацыянальных, рэлігійных, яны ў рамках конкурсу могуць дэманстраваць сваю адметную дзейнасць.

Кажа радны, старшыня камісіі па справах нацыянальных меншасцяў пры Сейміку Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук:

– Гэта важна таксама для прамоцыі рэгіёну. Варта паказваць тое, што ў нас найлепшае, выбранае жыхарамі Падляшскага ваяводства як самае лепшае ў сваёй катэгорыі. І тут, зразумела, у мяне адгукаецца лакальны патрыятызм. Sw@da x Niczos – гэта тое, што майму сэрцу блізка.

Кожны з пераможцаў атрымаў грашовую прэмію ў памеры 20 тысяч злотых, статуэтку і магчымасць медыйнай і выставачнай прамоцыі на рэгіянальным і агульнапольскім узроўнях. Нягледзячы на тое, што вядомы дуэт Sw@da x Niczos быў намінаваны на Падляшскую Марку ў катэгорыі «Культура», перамогу ў гэтай намінацыі атрымаў кінафестываль «Вайда на нова» ў Сувалках.

Пераможцы Падляшскай Маркі 2024:

  • Бізнес: Malow з Сувалак — вытворца металічнай мэблі
  • Інвестыцыя: Беластоцкая палітэхніка — за будаўніцтва комплексу спартыўных пляцовак і кортаў
  • Адкрыццё: Беластоцкі медыцынскі ўніверсітэт — за неінвазіўны тэст на рак яечнікаў
  • Карысны прадукт: Brintons Agnella sp. z o.o. — за ваўняныя дываны і пакрыцці
  • Харчовы прадукт: Падляшскія Збожжавыя Заводы S.A. — за хлебныя сумесі для хатняга выпякання
  • Праект 4.0: Беластоцкая палітэхніка і SaMASZ sp. z o.o. — за праект штучнага інтэлекту для «Сельскагаспадарчай Даліны 4.0»
  • Марка без бар’ераў: Фонд “Казачкавыя Акцыі Надзеі” — за праект «Казачная Фабрыка Надзеі»
  • Грамадства: Управа горада Беластока — за серыю мерапрыемстваў «Жоўтая канапа», прысвечаных псіхічнаму здароўю
  • Культура: Сувалкаўскі Дом Культуры — за кінафестываль «Вайда на нова»
  • Падзея: Матч «Ягелоніі» Беласток за чэмпіёнства Польшчы

Спецыяльныя ўзнагароды:

  • Амбасадар Падляшскай гаспадаркі: Пяцініцкі акруговы малочны кааператыў
  • Ганаровы амбасадар Падляшскага ваяводства: праф. Марта Косёр-Казберук, рэктарка Беластоцкай палітэхнікі
  • Падляшская Марка Спажыўцоў: Клуб «Львы Беласток» — за праект Mini Lwy для дзяцей і моладзі з абмежаваннямі

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара I UW.