Уплыў на асвету, якім б ён не быў, заўсёды мае палітыка. Гэта добра адлюстроўвае васьмідзесяцігадовая гісторыя Беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Ліцэй паўстаў у 1944 годзе і на працягу дзесяцігоддзяў здолеў вытрымаць шматлікія складанасці.
Сёння навучальная ўстанова змагаецца з праблемамі, якіх раней не было. Пра гэта Уля Шубзда паразмаўляла з “Госцем Рацыі” – гісторыкам, супрацоўнікам Дзяржаўнага архіву ў Беластоку Славамірам Іванюком:
Славамір Іванюк: Канец 80-х гадоў – гэта можна сказаць рэвалюцыя не толькі ў міжнародных абставінах, у Польшчы, палітычныя змены, пералом 80-90-х гадоў, рэвалюцыя “Салідарнасці”, змяніліся ўлады. Памянялася таксама ў ліцэі, стварыліся магчымасці зноў вярнуць беларускія справы ў ліцэй. У 1991 годзе на пенсію адышоў дырэктар Карпюк. Новым дырэктарам стала настаўніца расейскай мовы Зінаіда Навіцкая. Яна пачала ўводзіць штораз больш беларускасці можна сказаць. Умовы перадусім дазвалялі. Шмат людзей прыязджала з Беларусі. І гэта не толькі паэты, пісьменнікі ці людзі культуры, але таксама з уладаў. Калі прыязджае міністр асветы Рэспублікі Беларусь, ужо не савецкай, наведвае гэты ліцэй, прывозіць падарункі, не толькі шакалад, але і беларускія кніжкі, якія пачалі выдаваць у Беларусі. Гэта быў велізарны штуршок для беларускай справы пачатак 90-х. Зрабілі залу беларускай мовы з усім новым, зрабілі людзі з Беларусі, яшчэ не лукашэнкаўскай. Гэты ліцэй стаў велізарнай школай. Калі пад 500 вучняў вучылася ў гэтай школе, можна палічыць, які адсотак маладых людзей прайшоў праз яе. Шмат маладых людзей, калі яны скончвалі ліцэй, ішлі ў вышэйшыя ўстановы ў Беларусі. Недзе дзесяць год былі магчымасці, але яны скончыліся, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады.
РР: Ліцэй пазней не супрацоўнічаў з Беларуссю, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады?
Славамір Іванюк: Супрацоўнічаў, але ўжо змяніліся абставіны ў вышэйшых установах у Беларусі. Яшчэ да канца 90-х гадоў паступалі ў беларускія ВНУ, але ўжо ў 21 стагоддзі гэта перапынілася. Частка маладых людзей нават не канчала вышэйшых устаноў у Беларусі, а перайшла ў ВНУ Польшчы. Так што бачым, якія палітычныя змены ў Беларусі, як гэтыя палітычныя змены паўплывалі і на выпускнікоў Беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім.
РР: Змяніліся толькі палітычныя абставіны ці грамадскія таксама?
Славамір Іванюк: Я, як фармаліст, магу сказаць, што было цяжка знайсці, якія скончвалі вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Беларусі, з настрыфікацыяй іх дыпломаў тут. Гэта перадусім перапыніла гэты кірунак у Беларусь маладых людзей з Бельска і Гайнаўкі. Фармальныя палітычныя ўмовы перадусім. Таксама вучоба ў беларускіх установах не была такой таннай. Яны каштавалі штораз больш. Лепш было паслаць у Беласток ці ў Варшаву, чым за мяжу. У 21 стагоддзі маем пэўныя цяжкасці, бо штораз менш людзей скончвае пачатковыя школы, штораз менш людзей ідзе ў беларускія ліцэі ў Бельску ці ў Гайнаўцы. Гэтая дэмаграфічная сітуацыя працягваецца ўжо шмат гадоў, а цяпер гэта ўжо трагедыя, калі цяжка набраць два класы ў Бельскі ці ў Гайнаўскі ліцэй. Яшчэ 30-ць гадоў таму было пяць класаў у адным годзе. Усё змяняецца. Думаю, што закалоты ў Бельскім ліцэі, якія працягваюцца ўжо некалькі гадоў, бо адбылася трагедыя. Частка вучняў 4-х класаў два гады таму адмовілася ад вывучэння беларускай мовы. Гэта іх рашэнне, рашэнне іх бацькоў, але яно вельмі негатыўнае, бо яно разбурае гэтую ўстанову. Калі далей так будзе і гэтыя бацькі і вучні будуць так ставіцца да беларускай мовы, то гэтага ліцэю не будзе.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
На гэтых выходных у Беларускім ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім адбудзецца ІХ З’езд выпускнікоў. Яшчэ больш пра гісторыю ліцэя і яе першых дырэктараў можна будзе даведацца з размовы са Славамірам Іванюком у перадачы “Мы бачым” у пятніцу а 20:30 паводле польскага часу.
Беларускае Радыё Рацыя