Грушы, макавае печыва, сырнік па-радзівілаўску, міндальны торт, крохкае пячэнне да гарбаты па рэцэпце з “Літоўскай гаспадыні”. Усё гэта маглі пакаштаваць тыя, хто завітаў на міні-лекцыю і дэгустацыю шляхецкіх дэсертаў на Тыдні беларускай культуры ў Вільні. Імпрэза ладзілася 10 верасня ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці.
Паводле Людвікі Кардзіс, дырэктаркі музея імя Івана Луцкевіча і Цэнтра беларускай культуры і супольнасці, самыя папулярныя дэсерты даўніны супрацоўнікі зрабілі сваімі рукамі.
– Была лекцыя пра стравы, што ела шляхта, што было папулярна на нашых землях. Ты паслухаў, а пасля ты можаш пакаштаваць. Я, дарэчы, таксама ў гэтым годзе рабіла адну страву і хачу вам сказаць, што не проста далося печыва па-радзівілаўску з макам. Я трохі адступіла ад рэцэпту, трэба было дадаць мёд, я замест мёду вырашыла дадаць кліновы сіроп. Але па выніку, здаецца, атрымалася.
Як кажуць наведвальнікі імпрэзы, яны вельмі ўдзячныя за гэтую імпрэзу і пачастункі, а таксама за ўвесь Тыдзень беларускай культуры:
– Наогул усе дні, я думаю, будуць вельмі цікавыя. Я была і ў папярэднім годзе на такіх імпрэзах. Вельмі “смачны” дзень, які прысвечаны традыцыям беларускай шляхты, кулінарным традыцыям. Больш за ўсё мне спадабалася “мядовая груша”. Усяго было пяць страў.
Падчас лекцыі прысутныя даведаліся пра тое, якія дэсерты і як іх гатавала шляхта, і што было на стале ў сялян. Таксама былі агучаныя некаторыя рэцэпты, праводзілася невялікая кулінарная віктарына, за правільныя адказы наведвальнікі атрымлівалі самаробныя цукеркі, якія ела раней беларуская шляхта.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя