BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Стомленасць ад страху»

Для кожнага ўкраінца з 24 лютага 2022 года неад’емнай часткай жыцця сталі дзве рэаліі – каменданцкая гадзіна і сігнал паветранай трывогі. І калі за парушэнне першай прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і штраф, то пры паветранай трывозе парушэнне правіл бяспекі прыводзіць да адказнасці толькі для адміністрацый навучальных устаноў, дзіцячых садкоў і прадпрыемстваў. Для гандлёва-забаўляльных цэнтраў ніякіх абавязковых для выканання правіл паводзін не было ўведзена. І толькі ў выпадку “прылёту”, калі ёсць загінуўшыя і параненыя, для кіраўніцтва можа наступіць крымінальная адказнасць.

Паветраная трывога, Кіеў

Што да астатняга – асабісты страх і рызыка чалавека: усе ведаюць, што рабіць, калі гучыць сірэна, але ў апошні час усё больш людзей не рэагуе на яе сігнал.

 Часта ад украінцаў можна пачуць такія словы: «мы стаміліся ўвесь час баяцца», «калі наканавана загінуць ад ракетнага ўдару, то лепш у сне ў сваім ложку, а не ў сховішчы». Або, напрыклад, “чаму бамбаваць павінны менавіта нас”. Псіхолагі называюць гэта адаптацыяй, бо немагчыма жыць у стане пастаяннага напружання – арганізм знясільваецца як фізічна, так і псіхічна. 

Стомленасць змянілася прывыканнем, а адчуванне небяспекі страціла сваю вастрыню. Сірэна, якая раней магла выклікаць пачуццё небяспекі, гучыць усяго 1,5-2 хвіліны, пасля чаго людзі нават не звяртаюць увагі на адбой паветранай трывогі. 

У ноч з 12 на 13 кастрычніка ў многіх абласцях Украіны яна доўжылася больш за 12 гадзін і была адной з самых працяглых за час поўнамаштабнага ўварвання РФ. Ад чаго ўкраінцы сапраўды яшчэ не стаміліся, дык гэта ад пастаянных праклёнаў у адрас крамлёўскага псіхапата.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя