У сустрэчы стыпендыятаў праграмы Каліноўскага з яе каардынатарамі прыняў удзел намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі, намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Анджэй Шэптыцкі, павераны ў справах Польшчы ў Беларусі (2020-01.2024) Марцін Вайцяхоўскі, паведамляе Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі.

Павел Баркоўскі выказаў удзячнасць польскаму ўраду і дырэкцыі праграмы за існаванне гэтай ініцыятывы. Ён выказаў гонар за прысутных і іх грамадзянскую пазіцыю, якая стала прычынай далучэння навучэнцаў да праграмы, і спадзяванне, што яны стануць карыснымі спецыялістамі для новай Беларусі.
Прадстаўнікі польскага боку адзначылі, што падтрымка беларускага грамадства ў яго імкненні да свабоды працягнецца як польскімі ўніверсітэтамі, так і дзяржаўнымі ўладамі Польшчы.
Сярод узнятых стыпендыятамі тэм былі: легалізацыя дакументаў, неабходных для навучання, праз цяжкасці з атрыманнем у Беларусі даных ЦТ і апастыля для навучэнцаў; памер стыпендый і неабходнасць іх індэксацыі, своечасовасць выплат; стварэнне дапаможніка для новых удзельнікаў праграмы імя К. Каліноўскага, каб палепшыць іх інтэграцыю ў польскае акадэмічнае асяроддзе ды інш.
У сваю чаргу Анджэй Шэптыцкі запэўніў, што з яго боку будуць прыкладзены намаганні для павышэння стыпендый праграмы Каліноўскага. Таксама Дырэкцыя праграмы паабяцала стварыць спецыяльны дапаможнік-інфарматар для новых навучэнцаў.