У Ваяводскім адміністратыўным судзе Беластока разглядалася скарга грамадзяніна Сірыі, які нелегальна перайшоў беларуска-польскую мяжу ў траўні 2023 года, быў затрыманы польскай Памежнай аховай і адпраўлены назад на мяжу.

Суд у Беластоку прызнаў дзеянні Памежнай аховы па вяртанні сірыйца на мяжу неэфектыўнымі.
Сірыец, які падаў скаргу на польскую Памежную ахову, а менавіта – на каменданта аддзялення ў Белавежы, цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне.
Сам сірыец распавядаў, што мяжу ён перайшоў у групе з шасці чалавек, таксама грамадзянаў Сірыі. Яны змаглі пералезці праз стальны плот дзякуючы драбінам, якія набылі на беларускім баку мяжы, заплаціўшы за іх па 100 даляраў з чалавека.
На польскім баку групу хутка затрымала памежная ахова. Пасля праверкі пашпартоў іх на аўтамабілі завезлі назад на мяжу і прымусілі вярнуцца ў Беларусь.