BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Супольная праца АБ-БА і Цэнтра беларускай культуры падтрымлівае беларускую адукацыю”

Беларускія этна-варштаты 2025 прайшлі на выходных у Непублічнай пачатковай школе ў Залуках. Варштаты сабралі дзяцей і моладзь з розных куткоў Падляшша, якія вывучаюць беларускую мову. Мерапрыемства было арганізаванае Аб’яднаннем беларусаў-беластачан «АБ-БА», якое ў штодзённай працы супрацуе з Цэнтрам беларускай  культуры ў Беластоку.

Госця Рацыі — Ілона Карпюк, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і актывістка «АБ-БА». У гутарцы пагаварылі пра тое, як Цэнтр і «АБ-БА» супольна падтрымліваюць беларускую адукацыю і культуру на Падляшшы, пра значэнне падобных культурных падзей і перспектывы будучай дзейнасці. З Госцяй Рацыі размаўляла Вольга Сямашка.

Ілона Карпюк
Ілона Карпюк

РР: У Залуках прайшло асаблівае свята, важнае перад Калядамі. Хто гэта ўсё прыдумаў?

Ілона Карпюк: Ініцыятарам гэтых варштатаў з’яўляецца Аб’яднанне беларускіх бацькоў «АБ-БА», яшчэ ў мінулым годзе мы правялі цыкл майстар-класаў. Яны ў першую чаргу накіраваныя для дзяцей, каб пашыраць веды наконт беларускага традыцыйнага танца. І так пачалося ў мінулым годзе, каб крыху даваць іншае ўяўленне нашым дзецям, якія танцуюць у “Падляшскім вянку”, а таксама, каб інтэгравацца вакол розных заняткаў. І ў мінулым годзе ездзілі ў Студзіводы на такія майстар-класы.

У гэтым годзе таксама шукалі месца, дзе можна было б пасяліцца з гэтымі майстар-класамі .І фактычна прыдумалі сабе, што тут непублічная школа ў Залуках – гэта такое спрыяльнае асяроддзе, гэта месца, дзе вядзецца таксама навучанне беларускай мовы. Гэта школка пасярод вёскі дзесьці, недалёка ад Беластока. Але ўсё ж такі не ў цэнтры гэтага нашага беластоцкага сусвету. І прыдумалі сабе, каб сустрэцца менавіта ў гэтым асяроддзі. Тут таксама працуе настаўніцай і Ганна Комінч, якая шмат энергіі таксама выдаткоўвае, каб сфармаваць розныя магчымасці для дзяцей падчас беларускай мовы.

Вядома, што беларуская культура не абмяжоўваецца толькі заняткамі па мове. Тут таксама ёсць Ганна Жэсь – дырэктарка гэтай школы, якая таксама вельмі заангажаваная ў беларускую культуру, беларуска, дарэчы, з Гарадка. І ўсё гэта разам так супала, што падумалі, што прыедзем сюды і прывядзём тут заняткі ў гэтым месцы. А танец  – гэта, вядома, для нас важная справа, а з другога боку мы хочам, каб дзеці з бацькамі пагулялі і з рознымі тэхнікамі – вакальныя заняткі з Сяржуком Доўгушавым. Ён таксама ў гэтым калядным настроі. І паспяваў з намі майстэрскія святочныя песні.

І салома таксама асацыюецца з гэтым аздабленнем, упрыгожваннем, ужо ў атмасферы святочнай. Таму і для ўсіх тут таксама зарганізаваныя заняткі па саломе.

РР: Ці бывае такое, што да “АБ-БЫ” звяртаюцца і запрашаюць прыехаць у нейкую школу?  Ці ўсё ж такі назіраецца тое, што “Аб-БА” сама выбірае такое месца і прыводзіць людзей на майстар-класы?

Ілона Карпюк: Мы часта не арганізуем такіх выязных заняткаў, гэта другі раз за апошнія два гады. Таму што гэта ўсё сабрана ў рамкі беларускіх этна-варштатаў.

Была такая ідэя, што арганізуемся і прынамсі раз у год едзем па-за Беласток, менавіта дзеці і бацькі, каб разам пазаймацца, каб разам пагуляць. І гэта, вядома, выходзіць ад нас, але зараз пасля розных гадоў і рэфлектавання, як можна працаваць, з кім, як і ў якіх умовах, то хочацца гэта рабіць з мясцовым асяроддзем. Каб прыязджаць і паказваць, што можам у іншым месцы, не толькі прыклейвацца да Беластока, а таксама, каб пазнаваць людзей у іншых месцах.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя