Супрацоўнікі “Белсату” звярнуліся да польскіх уладаў з заклікам захаваць рэсурс і яго праекты ў межах аднаго тэлеканала на чале з Аляксеем Дзікавіцкім.

Зварот, які ёсць у распараджэнні Reform.news, адрасаваны прэм’ер-міністру Польшчы Дональду Туску, міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму, спікеру Сейма Шымону Галоўні, ліквідатару кампаніі TVP Даніэлю Гаргошу і дырэктару TVP Томашу Сыгуту.
Аўтары падкрэсліваюць, што тэлеканал стаў найважнейшым для беларусаў незалежным ад беларускіх уладаў тэлебачаннем, якое з цягам часу пашырыла сваю дзейнасць на постсавецкую прастору, а таксама прадстаўляла сітуацыю на Усходзе для польскай аўдыторыі.
«Мы не можам заставацца абыякавымі і пасіўнымі, калі без кансультацый і канструктыўнага дыялогу праект нашага жыцця дэ-факта разбураецца: яго дзеляць на тры часткі, пазбаўляюць нас незалежнасці і будучыні», – заяўляюць прадстаўнікі «Белсату».
Паводле планаў рэарганізацыі TVP, «Белсат» мае страціць сваю аўтаномнасць.