Некалькі соцень удзельнікаў, беларуска–украінскі кірмаш, аўкцыён, дзе збіралі данаты для ўкраінскіх вайскоўцаў – гэтак выглядаў Дзень Вышыванкі 19-га траўня ў грузінскім Батумі, які ўкраінцы ладзілі сумесна с беларусамі.
Пра Дзень вышыванкі распавядаюць беларускія ўдзельнікі :
– Беларусам трэба ўдзельнічаць у Дні вышыванкі, гэта іх свята, трэба падтрымліваць Украіну, паказваць сваю салідарнасць, паказваць, што народы разам.
Дзень вышыванкі – гэта нацыянальнае свята ўкраінскага народу. Мы, як беларусы, павінны быць салідарнымі з украінцамі, павінны дапамагаць, падтрымліваць. Як і яны, дапамагаюць, падтрымліваюць нас. Як эмігранты мы знаходзімся ў чужой краіне, такая салідарнасць вельмі важная для нас і для ўкраінцаў у тым ліку.
Па словах адной з арганізатарак акцыі, беларусам і ўкраінцам удалося аб’яднацца:
– Нам удалося аб’яднацца, каб падтрымліваць украінскую культуру. Для таго, каб даносіць нашы каштоўнасці і каб дапамагаць нашым хлопцам. Толькі ў еднасці мы можам зрабіць добрую справу, можам дасягнуць мэты, якая ў нас усіх адзіная, мы можам дасягнуць перамогі. Я лічу, што ў нас гэта атрымалася.
Акцыю каля летняга тэатра Батумі змагло наведаць некалькі соцень украінцаў і беларусаў, што жывуць у грузінскай Аджарыі. Арганізатары ўжо ў бліжэйшыя дні абяцалі выкласці справаздачу па данатам, якія былі сабраныя для ўкраінскіх вайскоўцаў пад час гэтай акцыі.
Беларускае Радыё Рацыя