BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Таццяна Калач пра тое, як беларусам адзначыць Радуніцу на Падляшшы

Праваслаўныя хрысціяне 14 мая святкуюць Радуніцу (Радаўніцу) – дзень памінання памерлых, які заўсёды прыпадае на наступны праз тыдзень пасля Вялікадня аўторак. У Беларусі Радуніца – афіцыйнае дзяржаўнае свята і непрацоўны дзень. Да палітычнага крызісу 2020 года былі пашыраны паездкі з Беларусі і Польшчы на магілы сваякоў на беларуска-польскім памежжы. Але зараз на Падляшшы многія прадстаўнікі беларускай дыяспары фізічна не могуць адведаць могілкі ў Беларусі.

Вольга Сямашка пагутырыла з беларускай даследчыцай смяротнага мастацтва Таццянай Калач пра тое, як беларусам справіць Радуніцу на Падляшшы, і якія перспектывы ў гэтага свята на мяжы язычніцтва і хрысціянства.

Таццяна Калач: Мяне завуць Таццяна Калач, я мастачка, я даследую тэму смяротнай беларускай абраднасці. Я не навуковы даследнік, а проста даследніца-мастачка. Радуніца – гэта такая Пасха для памерлых, то бок, гэта свята ў нашых продкаў, калі прынята віншаваць памерлых людзей з тым, што адбылася святая Пасха. То бок, калі жывыя людзі адзначылі гэтае свята, якое называецца Пасхай, ужо пасля гэтага лічылася, што трэба павіншаваць памерлых. Менавіта для гэтага свята Радаўніца. Прычым можна яшчэ казаць Радуніца, Радоніца, можна пачуць вельмі па-рознаму. Ёсць нюансы. Мне здаецца, гэтыя нюансы звязаныя з асаблівасцю вымаўлення на розных тэрыторыях. Таму гэтае свята – у параўнанні, напрыклад, з восеньскімі Дзядамі – яно вясновае. Яно больш добрае, вясёлае, звязанае менавіта з віншаваннямі, каб нашыя памерлыя продкі праз нашу памяць пра іх, таксама адсвяткавалі гэтае свята, гэты дзень.

РР: Вы асабіста як вымаўляеце: Радаўніца, Радуніца?

Таццяна Калач: Радуніца – так часцей за ўсё бывае.

РР: Многія беларусы сёння ў выгнанні, і зразумела магілы сваякоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, немажліва ім наведаць. Як у такіх умовах правесці Радуніцу? Што можна зрабіць, не наведваючы магіл, каб успомніць сваіх продкаў?

Таццяна Калач: Вельмі проста і складана адначасова. Насамрэч трэба памятаць самае важнае, што наша памяць пра нашых продкаў, па-першае, захоўваецца ў нашых сэрцах. Гэта значыць, што там дзе мы – там і памяць. Што можна зрабіць? Можна сабрацца са сваімі сябрамі ці родзічамі, якія ёсць побач, калі вы хочаце адсвяткаваць гэтае свята. Кажуць, трэба памаліцца, калі вы веруючы чалавек, тут таксама ёсць вельмі шмат розных нюансаў, за каго памаліцца, якім чынам гэта можна зрабіць. Можаце схадзіць у касцёл, ці царкву. Калі вы не зусім веруючы чалавек, але таксама хочаце ўшанаваць памяць продкаў, вы можаце зрабіць цэлае застолле з асаблівымі стравамі, вы можаце запаліць свечку, бо лічыцца, што водбліск свечкі, агенчык – прываблівае душы памерлых, таму менавіта калі вы запальваеце свечку, душы вашых продкаў бачаць куды ляцець. Гэта калі вельмі абагульняючы казаць. Але ёсць яшчэ шмат розных нюансаў. Калі, напрыклад, гатаваць нейкія стравы, то лічыцца, што душы «харчуюцца» не тымі стравамі, якія мы, яны «харчуюцца» парам. Тут ёсць розныя меркаванні. Адно з меркаванняў, што блюда павінна быць гарачае, каб ішоў пар, але з іншага боку не ўсюды гэтая традыцыя ёсць. У некаторых вёсках традыцыя, каб гэта былі халодныя стравы. Вы можаце ўшанаваць свята па рознаму, галоўнае што вы памятаеце. Дарэчы. На Радуніцу трэба ўзгадваць толькі добрае пра сваіх сваякоў. То бок, вы можаце ўспомніць, над чым смяяліся разам, якія маеце добрыя ўспаміны, што гэты чалавек добрае рабіў у вашым жыцці, ці ў жыцці іншых. Увогуле ўспомніць самае светлае пра гэтага чалавека, ці пра ўвесь род.

РР: Што можна прыгатаваць на Радуніцу, ці можна з гэтым ісці на могілкі? Напрыклад, на Падляшшы выбраць магілу славутага беларуса, туды прыйсці, што можна зрабіць – яйка пакласці, ці можа што іншае?

Таццяна Калач: Калі мы кажам пра Радуніцу, то, канешне, яйка – гэта самае лепшае што можа быць. Таму што гэта звязана крыху з Пасхай. Дарэчы, чытала цікавае наконт Падляшша, што, напрыклад, таксама ў залежнасці ад вёскі, яйка маглі фарбаваць у чырвоны колер, але ў некаторых вёсках маглі фарбаваць у жоўты, ці зялёны колер. Таму што чырвоны колер больш лічыўся для жывых людзей, жоўты і зялёны – больш жалобныя колеры, таму яны выкарыстоўваліся больш для памерлых. Але скажу, што ў сучасным свеце гэта не настолькі істотна. Вы можаце прынесці яйка, калісьці неслі алкаголь, вы можаце прынесці блінцы, часам неслі тое, што самі елі. Але будзьце асцярожны, бо на праваслаўных і каталіцкіх могілках святары гэта не ўхваляюць. Яны кажуць, што гэта ўсё язычніцкія вераванні. Лепей прынясіце жывыя кветкі, запаліце свечку, і такім чынам ушануеце памяць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя