BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Таісія Чарнуха: Мне самой павінна падабацца тое, што я раблю

“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Госцяй праекту стала Таісія Чарнуха – вольная мастачка, стваральніца брэнду Čarnuška.

Я люблю ўтоеныя сэнсы”

Зараз я раблю адзенне на блізкія кожнаму беларусу тэмы: свабоду, дранікі, беларускую музыку ці «вяртанне» Шагала Беларусі. Бліжэй да восені звычайна пачынаю ствараць соевыя свечкі. Улетку для іх не сезон, ды і варыць іх у кватэры ў 30 градусаў спякоты — тое яшчэ «задавальненне». Затое ўзімку нават суседзі выходзяць на балкон прынюхацца, адкуль так пахне «цястэчкам» ці вішняй.

Але рэальнасць такая, што я не магу надаваць шмат часу любімаму хобі. У мяне ёсць асноўная і даволі складаная праца, якая адбірае куды больш часу, чым 40 гадзін на тыдзень. Таму падчас хобі я магу трошку адпачыць і рабіць тое, што падабаецца. Але гэта хаатычны творчы працэс: усё ад дызайну да адпраўкі пасылкі я раблю сама, таму на прасоўванне ці вядзенне сацсетак мяне рэдка хапае.

Усе мае працы незвычайныя, я на гэта і раблю стаўку. Менавіта таму я і стала займацца творчасцю. Пасля прыезду ў Польшчу ў 2021 годзе зразумела, што нейкія беларускія сувеніры тут выглядюць, мякка кажучы, дрэнна, а пра якасць лепш увогуле прамаўчаць. Мне не хацелася рабіць нешта ў лоб, я люблю ўтоеныя сэнсы: каб людзі задумваліся і прыходзілі да самой сутнасці гэтай «шматслойнай капусты».

І я вельмі рада, што праз час сітуацыя з рамеснікамі змянілася ў лепшы бок — пераехала шмат таленавітых людзей з Беларусі, якія робяць нешта ўнікальнае, а не толькі кубкі ці значкі з надрукаванай «Пагоняй».

“Выпрабаванне даўжынёю у дзень”

Часам мяне здзіўляе пытанне пра свечкі ў выглядзе слоіка варэння «А чаму так дорага?». Мусіць, людзі думаюць, што я туды ягады засунула і заліла гелем, а не ляпіла ўсё гэта ўручную, трасучыся з тэрмометрам над кожным градусам — бо інакш гель або ўсё расплавіць, або плюхнецца камяком. Тэхналаогія настолькі складаная, што на рынку такога проста няма. Нават для мяне зрабіць адну такую ​​свечку — выпрабаванне даўжынёю ў дзень, плюс дзень потым на ўборку кватэры (парафінавы гель вельмі складана адмываецца). Так што мне дзіўна, што для некаторых людзей 60 злотых (і гэта без уліка сабекошту) за дзень марокі — гэта нашмат. Пры тым, што кубачак кавы каштуе амаль 20 злотых.

Квэст з адзеннем не спыняецца наогул ніколі: ты ніколі не ведаеш, што дакладна дашле табе падрадчык. Навучаная досведам, я заўсёды пішу велізарную заяўку — малюнак ва ўсіх магчымых фарматах, яго размяшчэнне па міліметрах, памеры, шчыльнасць і колер тканіны… Але нават гэта не гарантуе, што шэры пры друку не стане зялёным, малюнак не спаўзе на патыліцу, а памеры будуць, як ты прасіла. Спачатку я хацела рабіць усё ў беларусаў (каб падтрымліваць сваіх), але ў выніку прыйшла да палякаў — на жаль, нават нягледзячы на ​​моўны бар’ер, яны робяць гэтую працу куды лепш.

Жыве Беларусь!”

Канешне, у маіх выбарах мне вельмі важна пряўляць, што я – беларуска! У гэтым сэнсе выдатна працуе мерч з маімі малюнкамі. Па-першае, гэта выдатны спосаб вызначыць беларуса нават на вуліцы. Бывала, стаіш драмотны ў кавярні, а нехта побач табе раптам кажа «Жыве Беларусь!». Выдатны настрой на ўвесь дзень забяспечаны.

Па-другое, гэта спосаб распавесці замежнікам пра Беларусь, яе гісторыю і традыцыі. Я вельмі часта падарожнічаю і чую кампліменты з нагоды сваіх шопераў, цішотак ці світшотаў. Проста незнаёмыя людзі на вуліцы могуць падысці і спытаць, а што гэта значыць, што гэта за сцяг і г.д. І з цікавасцю слухаюць (спадзяюся, потым нават пагугляць).

Літаральна нядаўна адбыліся два пацешныя выпадкі: я сядзела ў ветэрынарнай клініцы з майкай з надпісам «Сhagall from Belarus», а побач сядзеў паляк з сабакам па клічцы Шагал. Мы разгаварыліся і аказалася, што ён далёкі сваяк мастака — ведае беларускую і ўкраінскую мовы, добра знаёмы з падзеямі ў Беларусі і біяграфіяй мастака. Мы вельмі міла пагаварылі.

А другі выпадак адбыўся ў Парыжы, ужо дзякуючы шоперу «Чумны Менск». Маркотныя ахоўнікі на Эйфелевай вежы зацікавіліся, што гэта за сцяг на малюнку. Я ім правяла невялікую справаздачу пра пратэсты, дыктатуру, Суціна і Шагала. Больш за ўсё яны здзівіліся гісторыі пра Хаіма Суціна — сказалі, што ў Францыі ён вельмі папулярны, але паўсюль пішуць, што ён з Расеі. На развітанне яны вывучылі словы «Жыве Беларусь» і «прыгожа».

У мяне толькі адзінае правіла: мне самой павінна падабацца тое, што я раблю. Я самы строгі свой крытык, таму 99% ідэй ніхто не ўбачыць, таму што яны недастаткова добрыя для майго ўнутранага цэнзару.

Беларускае Радыё Рацыя