BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Такія людзі павінны быць героямі ў нашай гістарычнай памяці”

2 гады таму ва Украіне загінуў ваяр Палка Каліноўскага Васіль “Атам” Грудовік. Цяпер жа ў Варшаве адбыўся вечар яго памяці.

Раман Корбут

У падзеі прыняў удзел сябар беларускага актывіста, сённяшні “Госць Рацыі” Раман Корбут. Ён распавёў нашаму радыё, якім запомніў Васіля.

РР: Распавядзі калі ласка, як адбылося тваё знаёмства з Васілём?

Раман Корбут: Гэта было вельмі цікава. Я з Васілём першы раз пазнаёміўся ўвогуле без яго ўдзелу. Я памятаю, што для мяне было вельмі дзіўна, я выйшаў са “Złote Tarasy”, ішоў у бок “Metro Centrum”. Гляджу, сядзіць хлопец і грае на барабанах проста пад музыка. Я яшчэ падумаў, нічога сабе, дзіўны спосаб зарабляць грошы. Потым літаральна праз пару дзён наша знаёмая, якая арганізоўвала такі праект, мы хацелі запісаць беларускую песню. Мы прыйшлі да яе дадому, там быў Васіль. Мы пазнаёміліся, заспявалі гэтую песню. Васіль так, ты спяваеш? Я граю на барабанах, давай будзем разам. Думаю, а чаму б і не. Я перад тым увогуле не выступаў, я гэтага не рабіў, Васіль запрапанаваў. Мы з ім у Барбакане вельмі часта гралі розныя песні, выбіралі рэпертуар. Так выйшла маё знаёмства з Васілём.

РР: Як працягнулася? Чым працягнулася?

Раман Корбут: У нас было вельмі шмат музычных праектаў. Мы гралі разам з Васілём, ён граў з іншымі людзьмі, да нас гэтыя людзі падключаліся. Потым мы стварылі міні-гурт, дзе мы ўжо нават амаль стварылі рэпертуар. Мелі выступаць на канцэрце, але мне трэба было паехаць дадому. Пасля таго, як я вярнуўся, Васіль ужо быў у іншым гурце, ужо граў з іншымі людзьмі. Ужо потым выступалі на бульварах, каля сірэнкі, было крута. Разам гралі на беларускіх акцыях пратэсту.

Гэта было спантаннае сяброўства. Я памятаю, як Васіль першы раз прывёз мяне на сваёй машыне, яна была ў такім стане, што амаль развальвалася. Выявілася, што на той машыне ён уцякаў з Беларусі. Спачатку ён з’ехаў ва Украіну. У яго ўсё было ў той машыне. Васіль прадаў яе за 200 злотых. Я яму казаў, што лепш было б яе прадаць на запчасткі. Яму ўжо трэба было яе перарэгістроўваць.

Аднойчы мы гралі на варшаўскім бульвары, але на ім не было твару. Я спытаў: “Што адбываецца?”. Ён кажа: “У мяне памёр бацька”. Для мяне было страшна, што ён не мог паехаць дадому. Сістэма зрабіла ўсё так, што нельга нават паехаць на пахаванне да сваіх блізкіх. У Васіля было б нармальнае жыццё, калі б ён быў у Беларусі. У яго потым і маці памерла, ён не мог паехаць яе праведаць. На жаль памятаю тыя цяжкія хвіліны з Васілём.

Ён дапамагаў нам, калі пачалася поўнамаштабная вайна, Васіль даваў нам свае калонкі. Ён даваў зразумець, што чамусьці адчуваў правіну на сабе, што пачалася вайна. Ён можа нават з-за таго і паехаў. Я яму заўсёды казаў: “Ты той чалавек, які зрабіў усё, каб гэтага не здарылася”. Ён змагаўся з сістэмай, як мог. У яго было вялікае адчуванне справядлівасці, ён хацеў дапамагаць людзям. Ён заўсёды дамагаўся справядлівасці, таму і паехаў ва Украіну ваяваць.

РР: Ці камунікавалі пасля таго, як ён з’ехаў ваяваць?

Раман Корбут: Мы праводзілі зборкі сярод маіх калег і дасылалі дапамогу Васілю. Я пытаў, што там і як у яго. Праз яго даведваліся, якія патрэбы былі ў палку Каліноўскага. Стараліся набыць і даслаць.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя