BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ТБК у Літве шукае спонсараў на аднаўленне сядзібы-музея Якуба Коласа

Таварыства беларускай культуры ў Літве шукае мецэнатаў на аднаўленне дома, дзе жыў Якуб Колас, ці пабудовы будынка цэнтра ў яго гонар. Гэтая арганізацыя мае зямельны надзел, дзе раней стаяў дом пісьменніка, але пакуль не можа ўвасобіць свае ідэі з-за фінансавых цяжкасцяў.

Паводле старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандра Адамковіча, гэта іх першапачатковая задача і ўжо шмат перамоваў на гэты конт вялося да 2020 года, але зараз усё сціхла.

– Неяк вось падзеі 2020 года ўсё перарвалі. Быў там ужо і праект, было зацікаўленае і Віленскае самакіраванне. Але пасля вось тых трагічных падзеяў усё ў нас перарвалася. Таму зноў мы будзем выступаць і шукаць спонсараў. І зараз звяртаюся, што, магчыма, якія-небудзь арганізацыі маглі б узяцца за гэтую справу пабудовы цэнтра на ўзаемавыгадных умовах.

Як дадае Аляксандр Адамковіч, гісторыя сям’і Якуба Коласа цесна звязана з Віленшчынай:

– Гісторыя Коласа, яго сям’і цесна звязана з гісторыяй Віленшчыны, з чыгуначным вакзалам, станцыяй. Таму і зараз у музеі Маркучай ёсць пакой Якуба Коласа, і там захоўваюцца экспанаты з гэтага дома Якуба Коласа, яго асабістыя рэчы. Таму мы супрацоўнічаем у гэтым плане актыўна з музеем Маркучай, і ў далейшых планах усё ж такі аднаўленне музея-сядзібы Коласа.

Заснавальнікамі Цэнтра імя Якуба Коласа ў Вільні з’яўляецца Таварыства беларускай культуры ў Літве і Віленскае самакіраванне. Галоўная мэта Цэнтра – адраджэнне спадчыны Якуба Коласа на Віленшчыне, з якога і пачыналася беларускае адраджэнне ў пачатку ХХ стагоддзя.

Беларускае Радыё Рацыя