Беларусы ўпрыгожваюць сабой вуліцы сталіцы Літвы. У Вільні ў старым горадзе і на кожным значным свяце можна сустрэць цікавых “жывых скульптур” у выглядзе казачных ці гістарычных персон. Да прыкладу, персанаж ірландскага фальклору Лепрыкон стаў ужо адной з візітовак Вільні і палюбіўся яе жыхарам і турыстам.

Усе гэтыя скульптуры стварае беларускі тэатр “жывых скульптур” Statue GDS & VS на чале я яго дырэктарам Аляксеем Стукіным. Паводле творцы, на сёння яны маюць касцюмы 37 персанажаў, а ствараць іх дапамагае дызайнерка Вероніка:
– Я як акцёр выступаю ў гэтых касцюмах, ажыўляю гэтыя вобразы, якія яна робіць. Францыск Скарына ёсць, кароль Міндоўг, камандор, афіцэр дзевятнаццатага стагоддзя, марскі афіцэр. Потым ёсць Адам Казлевіч, мы зрабілі кіроўцу рэтра-аўтамабіля, які па класіцы Ільфа і Пятрова з’яўляўся кіроўцам «Антылопы-Гну», у якога машына зламалася. У нас ёсць чараўнік Выйдзі вон. У нас у кожнага персанажа свая гісторыя
Раней тэатр працаваў у Менску, у раёне Нямігі, але калі яго артысты падтрымалі народ, а не ўлады Беларусі ў 2020 годзе, ім давялося эміграваць. Цяпер яны радуюць сваёй прысутнасцю не толькі літоўцаў, але і наведваюць іншыя еўрапейскія гарады і міжнародныя фестывалі. На адным з іх касцюмаваны персанаж тэатра ўвайшоў у топ лепшых касцюмаў “жывых скульптур” свету.
Касцюмы ў тэатра можа арандаваць любы жадаючы з грымам і без, ад гэтага залежыць кошт арэнды. А знайсці інфармацыю пра тэатр у Вільні можна ў кожнай беларускай кавярні, творчай прасторы “Кропка” і ў Фэйсбуку.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:




Беларускае Радыё Рацыя