BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэст на бяспеку

Для тых жыхароў, што пастаянна знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, за тры з паловай гады поўнамаштабнай вайны сігнал паветранай трывогі стаў калі і не звыклым, дык ужо і не такім пужлівым. Ён злуе, раздражняе і часта ламае планы. Але куды страшней – чаканне іншага гуку, які тэарэтычна можа прагучаць пасля сірэны.

Гаворка пра выбухі — ракетна-дронавыя трапленні або вынікі працы СПА. Чарнігаўшчына, што мяжуе з Беларуссю і РФ, знаходзіцца пад пастаяннымі атакамі, таму на працягу дня там шматкроць гучаць сірэны, а нядаўна бесперапынная трывога цягнулася 16 гадзін.

Як уплываюць паветраныя трывогі на адукацыйны працэс, на бізнэс, медыцыну і дзейнасць дзяржаўных органаў? Наступае поўны параліч: у гандлёвых цэнтрах аўтаматычна блакуюцца касы; падчас урокаў і лекцый вучні і студэнты абавязаныя спускацца ў сховішчы; лекары перарываюць прыём пацыентаў; закрываюцца цэнтры аказання адміністрацыйных паслуг і банкі. Каб зменшыць негатыўны ўплыў на паўсядзённае жыццё, Чарнігаўская абласная вайсковая адміністрацыя запусціла ў тэставым рэжыме сістэму дыферэнцыяванай паветранай трывогі. Напрыклад, калі ў паўночнай частцы вобласці, якая мяжуе з РФ, гучыць сірэна (прыблізна за 180-200 км ад Чарнігава), але непасрэдна для самога абласнога цэнтра небяспекі няма, то, адпаведна, і трывога там не абвяшчаецца.

Такі падыход дае магчымасць гораду працягваць нармальнае функцыянаванне: навучальны працэс не перарываецца, медыцынскія ўстановы працуюць без збояў, бізнес атрымлівае прыбытак і папаўняе бюджэт падаткамі. І наадварот, дыферэнцыяцыя “горад-раёны”. Пакуль дзейнічае тэставы рэжым, вайсковыя спецыялісты вывучаюць яго мэтазгоднасць, бо бяспека мае прыярытэт перад адносным камфортам і прыбыткам.

Ліза Ахроменка