У Бельску адкрылася выстава Ганны Олесюк-Савіцкай «Ткацкія традыцыі жыхароў вёскі Рэдуты».

У галерэі Бельскага дома культуры адкрылася выстава Ганны Олесюк-Савіцкай «Ткацкія традыцыі жыхароў вёскі Рэдуты». Выстава паўстала дзякуючы спецыяльнай стыпендыі Маршалка Падляшскага ваяводства і з нагоды правядзення 31-ых Спасаўскіх запустаў.
Гавораць аўтарка і госці выставы:
– Найважнейшым было тое, каб дазналіся, што ткалі і каб гэта засталося ў памяці людзей. Таму яшчэ ў рамках гэтай стыпендыі я выдала каталог, дзе ёсць інфармацыя пра ткацтва, тканіны, ёсць і тое ткацтва, якіое не ўдалося сфатаграфаваць, але людзі падзяліліся фотаздымкамі, каб была магчымасць іх паказаць.
– Я памятаю, што мая бабуля таксама мела кросны і штосьці там у вольную хвіліну, калі ўжо не карміла свіней, калі не была ў полі, таксама нешта рабіла. Але яна ткала не толькі гэта, а ткала яшчэ на кашулі і нават на штаны.
– Я вельмі люблю бываць на такіх выставах, бо на кожнай выставе бачу штосьці файнае, штосьці старое. А пасля думаю ўначы, як гэта зрабіць, каб сабе на кросны перанесці.
Выстава Ганны Олесюк-Савіцкай «Ткацкія традыцыі жыхароў вёскі Рэдуты» будзе працаваць у галерэі Бельскага дома культуры да 2 верасня, штодня з панядзелка па пятніцу з 8 да 16 гадзіны.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:



















Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






