У сталіцы Літвы ў апошнюю суботу траўня прайшоў ужо трэці па ліку фэст халадніку. Як паведаміў вядучы свята, яго наведала каля 10 000 чалавек.

У гэты дзень Вільня афарбавалася ў розныя адценні ружовы колеру, бо арганізатары свята заклікалі людзей прыходзіць у адзенні колеру халадніку. Такую вопратку можна было заўважыць не толькі на людзях, але і жывёлах. А за лепшыя касцюмы да свята былі прадугледжаныя ўзнагароды.

Галоўнай стравай на свяце, вядома, быў халаднік у розных яго праявах, нават было смузі з халадніку і яго смак дадавалі ў каву. Таксама падчас імпрэзы ўсім ахвочым крама ІКІ бясплатна раздавала гародніну, якую можна скарыстаць як для халоднага, так і гарачага баршчу, у тым ліку бульбу і цыбулю. Дарэчы, зараз у Беларусі назіраецца дэфіцыт гэтай гародніны ў крамах. А тут, у Вільні, нават можна было набраць яе бясплатна. Хаця таксама было заўважна, што некаторыя занадта карысталіся такой мажлівасцю і нават забіралі вялікімі мяхамі гародніну. Але, як кажуць, хто за чым ішоў на свята. Хтосьці адпачыць і павесяліцца, а хтосьці назапасіцца гароднінай.

Падчас свята можна было і выйграць прызы ад прадпрыемства і фірмаў, які прапаноўвалі паўдзельнічаць у розных конкурсах і латарэях. Было і шмат інтэрактыву – віктарын, гульняў, спусканне з мыльных горак, своеасаблівай трасай халадніку, ды іншае.
Ладзіліся і адмысловыя фотазоны, дзе можна было наведвальнікам свята засняць сябе на памяць ці сфатаграфавацца з аніматарамі ў выглядзе садавіны, якая выкарыстоўваецца пры гатаванні халадніку, ці іншых прадметаў, жывёл.

А фішкай свята ўжо традыцыйна стаў забег афіцыянтаў з міскай халадніку і тэатралізаваны парад. На фэсце была не толькі вялікая колькасць разнастайнасцяў, але шмат вясёлых і задаволеных твараў.

Трэба зазначыць, што з кожным годам гэты фэст халадніку набірае папулярнасць у жыхароў і гасцей літоўскай сталіцы.






























Беларускае Радыё Рацыя






