BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Турма звонку, а не ўнутры»

«Турма звонку, а не ўнутры» – выстава малюнкаў беларускіх жанчын, якія пацярпелі ад рэпрэсій пасля 2020 года, адкрылася 11 кастрычніка ў Вільні. Гэтыя творы нарадзіліся ва ўмовах турэмнага зняволення і адлюстроўваюць глыбокія перажыванні, звязаныя з несправядлівымі арыштамі, гвалтам з боку ўладаў і вымушанай ізаляцыяй.

Як кажа куратарка выставы, вельмі важна сёння задумвацца пра тое, як фармаваць сведчанні, калектыўную культурную памяць, як збіраць калекцыі:

Калі мы жадаем, каб нашы дзеці, нашы ўнукі даведаліся пра падзеі дваццатага года і пра тое, што адбывалася пасля – пра жахлівыя рэпрэсіі, трагедыі, пра калектыўную траўму, пра асабістыя лёсы зламаныя рэжымам, то ўжо сёння трэба збіраць калекцыі, збіраць экспанаты. І сёння фармаваць вось той архіў, які і стане, можа быць, асновай для стварэння будучага інстытута памяці.

Паводле былой зняволенай Валерыі Чарнаморцавай, за кратамі пачынаюць маляваць амаль усе.

– Вось дзяўчына ў нас больш-менш добра малявала, і яна рабіла такія вось меню. Праўда, тое, што там было ў меню, напрыклад галубцы, есці было ўвогуле немагчыма. Гэта было нават немагчыма нюхаць. Так што меню было самым прыгожым у параўнанні з тым, чым нас кармілі. Там вельмі мала, што можна было есці. У асноўным “кармілі Лукашэнку”, то бок скідвалі ў прыбіральню

Выстава «Турма звонку, а не ўнутры» з’яўляецца часткай міжнароднага праекта «Несціхаючыя галасы», ініцыянаванага  Музеем Вольнай Беларусі ў Варшаве.

На выставе ў Вільні прадстаўлена 60 малюнкаў. Іх можна паглядзець у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці да 1 лістапада.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя