Прэм’ер Польшчы Дональд Туск і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен у нядзелю, 31 жніўня, наведалі Крынкі ў Падляшскім ваяводстве на польска-беларускай мяжы. Галоўныя тэмы сустрэчы — бяспека і абарона, у тым ліку ўмацаванне ўсходняй мяжы Еўрапейскага Звяза.

На памежнай заставе ў Крынках палітыкі правялі нараду з камандаваннем Памежнай аховы і войска, якія задзейнічаныя ў абароне мяжы з Беларуссю. Менавіта тут некалькі гадоў фіксуецца гібрыдны ціск і арганізаваная плынь мігрантаў з боку Беларусі і Расеі.
На 186 кіламетрах мяжы ў Падляшшы ўжо стаіць сталёвая агароджа вышынёй 5,5 м, якую дапаўняе электронны бар’ер даўжынёй 206 км, у тым ліку на водных участках дзяржаўнай мяжы. У Люблінскім ваяводстве падобная сістэма абароны ўздоўж Буга мае працягласць 171 км.
Як паведамляе Канцылярыя прэм’ера Польшчы, у парадку дня таксама абмеркаванне з кіраўніцай Еўракамісіі праграмы крэдытаў SAFE, якая павінна паскорыць пераўзбраенне Еўропы ва ўмовах росту ваеннага патэнцыялу Расеі.
Пасля нарады Дональд Туск і Урсула фон дэр Ляйен наведалі склад для будаўніцтва сістэмы абарончых умацаванняў «Усходні шчыт» і агледзелі мадэрнізаваную памежную агароджу.
Візіт старшыні Еўракамісіі працягнецца ў краінах ЕЗ на ўсходнім флангу НАТА: Эстоніі, Літвы, Фінляндыі, Латвіі, Балгарыі і Румыніі.
Крыніца: polskieradio.pl






