BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Батумі прайшла акцыя да Дня палітвязня

У аўторак, 21 траўня, на плошчы Еўропы ў грузінскім Батумі адбылася акцыя да Дня палітвязня, дня калі ў 2021 годзе ў калоніі загінуў Вітольд Ашурак.

Актывісты на акцыі трымалі плакаты, на якіх была інфармацыя пра загінулых у лукашэнкаўскіх турмах, пра колькасць палітвязняў у Беларусі, пра невылечна хворых, якія могуць у любы момант памерці. Кажа адзін з удзельнікаў акцыі:

Гэта дзень, які мог бы быць маім днём, бо да мяне ламіліся ў дзверы, калі я збег. Плюс да гэтага 255 невылечна хворых, у мяне таксама ёсць хранічныя захворванні, я мог бы быць 256.

– Мы спрабавалі, я асабіста спрабаваў пісаць лісты. Спачатку яны даходзілі, потым была магчымасць перадаваць праз сваякоў, бо мы не маглі дасылаць іх з-за мяжы.

Паводле словаў кіраўніка арганізацыі “Беларуская дыяспара ў Аджарыі” Аляксея Балашова, трэба штодня думаць пра тое, каб вызваліць палітвязняў:

– Так, каб яны выйшлі на волю канчаткова і назаўсёды, трэба скінуць дыктатара, трэба скінуць гэты рэжым. Незалежна ад гэтага ўсё роўна трэба працягваць працу, трэба працягваць інфармаванне. Трэба ціснуць на дыктатара, трэба выгандлёўваць, усё што заўгодна. Калі можна ўратаваць некалькі, значыць трэба ратаваць некалькі чалавек. Заўсёды трэба не забывацца весці перамовы пра тое, каб палегчылі рэжым іх утрымання. Нават гэта дало б нейкую палёгку, Гэта канешне не стане вырашэннем пытання, але змагацца за гэта трэба ўвесь час.

На акцыі гучалі песні Лявона Вольскага, прысвечаныя палітвязням, а пасля акцыі прымеркаванай да Дня палітвязня, беларускія актывісты далучыліся да супольнай беларуска-украінскай акцыі супраць вайны ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя