BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Бебжанскім Нацыянальным парку на Падляшшы ўспыхнуў пажар

Учора, 30 сакавіка, у Бебжанскім Нацыянальным парку на Падляшшы ўспыхнуў пажар. Агонь ахапіў агулам плошчу каля 90 гектараў на мяжы Аўгустоўскага і Сакольскага паветаў Падляшскага ваяводства, каля населеных пунктаў Красныбор і Каменная новая.

Фота: wydarzenia.interia.pl

З гэтай нагоды у камандаванні Ваяводскай Дзяржаўнай пажарнай службы ў Беластоку адбылася сустрэча з удзелам ваяводы Яцэка Бжазоўскага. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Ваяводскай управы.

Па даных на позні вечар нядзелі, на месцы працавалі больш за 30 пажарных брыгад, занятых тушэннем пажару. Са стыхіяй змагаюцца ажно 120 пажарных і добраахвотнікаў пры падтрымцы супрацоўнікаў парку.

Для дакладнага вызначэння месцазнаходжання агню выкарыстоўваюцца беспілотнікі, а таксама верталёт і самалёт пажаратушэння.

Па даных пажарных, згарэла каля 89 га, у асноўным травы і трыснягу. Пажар быў лакалізаваны, і цяпер працягваецца яго тушэнне. Месцы, ахопленыя ўзгараннем, знаходзіліся пад наглядам усю ноч, каб прадухіліць распаўсюджванне агню.