BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У беларускім шэлтары ў Варшаве адбылася талака

 Падчас падзеі жыхары Дому, экс-палітвязні, разам наводзілі парадкі ў рэчах, што прывозілі раней госці ўстановы, а затым частаваліся прысмакамі і спявалі. А тыдзень таму ў дворыку памяшкання ладзілася свята «Гуканне вясны».

Ганна Федаронак

Пра гэтыя актыўнасці і не толькі кіраўніца Дому, сузаснавальніца Фонду «Прытуляй мяне» Ганна Федаронак распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.  

РР: Прыйшла вясна, і ў шэлтары распачаліся розныя падзеі. Зараз у вас адбываецца талака. Што гэта такое і наколькі паспяхова вы яе ацэньваеце?

Ганна Федаронак: Талака – гэта такая народная традыцыя, калі трэба было зрабіць нейкую працу, людзі збіралі сваякоў, знаёмых, рабілі працу, а потым спявалі, гулялі і елі розныя прысмакі. Вось такую талаку мы зладзілі сёння, таму што ў нас такая праблема, у нас у гаражы за столькі гадоў назбіралася шмат рэчаў. Нам прывозілі гуманітарную дапамогу, людзі свае рэчы прывозілі, асабліва многа было дзіцячых, і трэба было іх разабраць, што непатрэбнае – выкінуць, што патрэбнае, каб засталося. І каб потым раздаваць людзям. Таму мы заўсёды прымаем ад людзей рэчы і раздаём. І каб гэта было больш цывільна, то мы сёння гэта ўсё праверым, ужо некалькі рэйсаў вывезлі. А лепшыя рэчы будзем раскладваць на сцелажах, развешваць на стойкі, і людзі будуць прыходзіць і так будзе прасцей – прыйшоў, паглядзеў і забраў. Будзем запрашаць беларусаў, якія ў эміграцыі, і ўсіх, каб прыходзілі і забіралі рэчы. Таму што многа беларусаў нам прывозяць свае рэчы. Рэчы добрыя, мы благія не бяром, ёсць шыкоўныя. Прыходзьце, калі ласка, мы ўсё будзем аддаваць.

РР: А што наконт дзіцячай вопраткі і абутку?

Ганна Федаронак: Дзіцячае, напэўна, не патрэбнае зараз. У нас вельмі шмат. Для немаўлятак мы збіраем. Таму што ў нас ёсць і памперсы, і мы пасля перадаём, у нас ёсць жанчынкі, дзяўчынкі, якія збіраюцца стаць мамамі. Яшчэ і посуд можна прывезці, пасцельную бялізну ў добрым стане. Такія рэчы, якія патрэбныя ва ўжытку, прывозьце, калі ласка. Таму што нашыя жыхары ідуць на кватэры жыць, і мы з сабой даём коўдры, падушкі, посуд, ручнікі, бялізну, таму што ў кватэры не заўсёды гэта ёсць. Калі ў вас ёсць новыя рэчы, а гэта хочаце аддаць, калі ласка, мы заўсёды будзем радыя, бо гэтыя рэчы знойдуць сваіх новых гаспадароў, тых, хто нядаўна прыехаў, нядаўна выйшаў з турмы і прыехаў сюды.

Я не скончыла яшчэ наконт талакі. Я расказала толькі пра працу, а зараз у нас на заднім падворку вялікі казан плова. Святлана Бараноўская – кухар наш, заўсёды прывозіць нам смачныя рэчы, прывозіць аднаразовыя абеды. І вось зараз мы ўсё скончым і пойдзем на наш падворак і будзем частавацца, і будзем зноў спяваць нашыя беларускія спевы народныя. Спецыяльна ёсць песні, якія спявалі, калі завяршалася талака. І мы праспяваем сёння гэтыя песні.

Звязацца з Ганнай Федаронак, каб перадаць рэчы ў шэлтар можна праз старонку актывісткі ў  Facebook ( https://www.facebook.com/profile.php?id=100070829859295 ).

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя