У Беластоку пры помніку ксяндзу Ежы Папялушку прайшла традыцыйная акцыя ў падтрымку зняволенага ў Беларусі журналіста і актывіста Саюза палякаў – Анджэя Пачобута, які знаходзіцца ў няволі вось ужо 35 месяцаў. Віцэ-старшыня Саюза Марэк Занеўскі распавёў апошнія навіны пра палітвязня:
– На жаль, ніякіх навінаў мы не мае. Ведаем дакладна толькі тое, што пад канец месяца ён павінен выйсці з ПКТ. Закончыцца паўгадавы тэрмін. Сочым, што будзе далей. Прагнозы не вельмі аптымістычныя. Могуць дабавіць яшчэ. Тое, што ён перадае ў сваіх лістах, ён чакае, што падоўжыцца гэты тэрмін яшчэ на паўгода. Надалей існуюць праблемы з даставай лекаў, не даюць лекі ад сэрца, якія патрэбныя яму штодзённа. Сітуацыя складаная і выклікае пэўны непакой.
На акцыю ўпершыню прыйшоў і новы ваявода Падляшша – Яцэк Бжазоўскі. Ён выказаў сваю падзяку прысутным і паабяцаў у будучым, пры магчымасці, далучацца да акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам.
– Мы сюды прыходзім штомесяц, і ніхто з вас не падумаў, што гэта ўжо не трэба рабіць. Не трэба быць абыякавым на тое зло, якое дзейнічае за нашай граніцай. Кожны дыктатар слабы, кожны дыктатар баіцца, і тое, што ён робіць, вынікае з яго слабасці, а не сілы. Моцныя, як Анджэй Пачобут, які не паддаецца. У адным з лістоў з турмы Анджэй Пачобут напісаў, што не мае ўплыву на час, у які выпадае нам жыць. Але маем ўплыў на тое, як трымаемся, як паводзім сябе ў тым часе, у якім выпала нам жыць.
Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў Гародні 25 сакавіка 2021 года. У лютым мінулага года засуджаны на 8 гадоў калоніі узмоцненага рэжыму.
***
У Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам.
8 лютага 2023 года журналіст і актывіст Саюза палякаў на Беларусі быў засуджаны лукашэнкаўскім судом на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «распальванне варожасці» і «рэабілітацыю нацызму», а таксама «за заклікі да ўвядзення санкцый».
Анджэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года і знаходзіцца за кратамі ўжо 35 месяцаў.
Арганізатары акцыі: Саюз палякаў на Беларусі і Падляшскі аддзел Таварыства «Wspólnota Polska».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя