Беласток упершыню прымае ўдзельнікаў найбуйнейшага ў Польшчы гістарычнага кангрэсу. Ён прымеркаваны да трагічнай для польскай гісторыі даты – 17 верасня 1939 года.
Сваю працу распачаў ХХІ Агульны з’езд польскіх гісторыкаў, у якім прымае ўдзел больш за 800 чалавек.
Важнасць мерапрыемства адзначыў намеснік прэзідэнта Інстытута нацыянальнай памяці Караль Паляёўскі:
– Вельмі важная падзея. Гэта свята гістарычнай супольнасці. Інстытут нацыянальнай памяці таксама тут, у Беластоку. Сустракаемся ў Беластоку 17 верасня, у дзень 85-годдзя савецкай агрэсіі на Польшчу. І гэтая тэматыка таксама будзе разглядацца.
Пра гістарычную гадавіну 17-га верасня кажа намеснік Падляшскага ваяводскага кансерватара помнікаў, прафесар Караль Лапатэцкі:
– 17 верасня – гэта для горада Беластока важная дата. Варта памятаць, што Беласток трапіў пад савецкую акупацыйную зону. Але сюды на самым пачатку ў 1939 годзе прыйшлі нямецкія войскі. Ёсць нават такія фотаздымкі, як афіцэры нямецкіх войскаў перадаюць горад пад савецкі кантроль.
У рамках урачыстага адкрыцця быў зачытаны зварот Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Анджэя Дуды да ўдзельнікаў З’езда. Адпаведна прайшло ўручэнне ступені ганаровага доктара Беластоцкага ўніверсітэта. Наперадзе – праца навуковых секцый, кніжны кірмаш, адкрыццё выставы і дыскусіі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя