BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку адзначылі лепшыя беларускія ініцыятывы

У хабе “Новая зямля” ў Беластоку адбылася калядна-навагодняя вечарына пад час якой былі адзначаныя лепшыя беларускія ініцыятывы. Сярод адзначаных ёсць і разнастайныя праекты, і грамадскія, і культурніцкія, і адукацыйныя ініцыятывы, і, нават, валанцёры. Усіх іх аб’ядноўвае – беларускі падмурак.

Гаворыць прадстаўніца з боку арганізатараў ад ініцыятывы VEDA – Юлія Катаржынская:

– Я думаю, што такія сустрэчы вельмі важныя, каб паказаць ініцыятывам, актывістам і актывісткам, што іх праца вельмі важная, карысная. Зараз надыходзяць Калядныя святы, а настрою каляднага зусім няма. Мы вырашылі сабраць усіх, каб павіншаваць з Новым годам. Таксама гэта магчымасць сустрэцца на адной пляцоўцы, пабачыцца, абняцца, падтрымаць адзін аднаго і павіншаваць.

Прадстаўнік адной з такіх ініцыятываў, курсаў “Мова Нанова” ў Беластоку, Ігар Палынскі лічыць, што такія імпрэзы важныя таксама для супольных сустрэч, абмеркавання і стварэння ўсё новых і новых беларускіх ініцыятыў.

– Збольшага мы адзін аднаго ведаем, але не сказаць, каб дужа часта перасякаемся. Усе занятыя, усе над чымсьці працуюць. Тут мы перасякліся і ёсць магчымасць стварыць нейкую энергію, ёсць магчымасць паразмаўляць, пагутарыць пра тое, што мы можам рабіць разам. Гэта тыя, хто сам знаходзіцца ў такой эміграцыйнай спячцы, калі ты проста пачынаеш існаваць паміж нейкай працай, домам, выжываннем, гэта людзі, якія самі не спяць і стараюцца абуджаць іншых. Гэта вельмі кайфова і вельмі каштоўна.

Усяго падчас вечарыны былі адзначаныя дзясяткі беларускіх ініцыятыў Беластока. Усе з іх атрымалі ад арганізатараў памятныя дыпломы ды каштоўныя падарункі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя