У Беластоку ў «НеТэатры» з аншлагам адбыўся паказ спектакля «Ордэн Белай Мышы» па аднайменнай прытчы Уладзіміра Арлова. Спектакль паставіў рэжысёр Уладзімір Ушакоў, які ў Менску кіраваў Сучасным мастацкім тэатрам, пасля 2020 года працягваў дзейнасць у Кіеве, а сёння жыве і працуе ў Хельсінкі.

Спектакаль пачаўся расповедам пра незвычайную краіну:
– У гэтай краіне быў адзін крымінальнік, адзін палітвязень і адзін палітуцякач. Адзін генерал камандаваў адным палкоўнікам, адным маёрам і адным капітанам. Гэткі самы баланс захоўваўся сярод прадстаўнікоў творчай прафесіі. Краіну цалкам задавальнялі адзін мастак, адзін архітэктар, адзін кампазітар, адзін журналіст і адзін пісьменнік.
Падзеі, ўвасобленыя на сцэне, адбываюцца ў “канстытуцыйнай манархіі”, у ёй кароль хоча ўганараваць пісьменніка найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай – Ордэнам Белай Мышы, а той усяляк намагаецца адмовіцца ад такой пашаны. У цэнтры пастаноўкі — вечны канфлікт мастака і ўлады, пытанне выбару і сумленнасці перад самім сабой.








Беларускае Радыё Рацыя






