BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку прадставілі фільм “Паўстанец 1863”

У кінатэатры “Тон” адбыўся адмысловы паказ фільма “Паўстанец 1863”, прысвечаны гісторыі ксяндза Станіслава Бжускі – камандзіра паўстанцкага атрада і галоўнага капелана Падляшскага ваяводства падчас паўстання 1863 года.

Рэжысёр Тадэвуш Сыка заклікаў да прагляду фільма “Паўстанец 1863”, звярнуўшы ўвагу на актуальнасць стужкі, у тым ліку і для беларусаў:

– Я думаю, што гэты фільм павінен быў бы выйсці таксама ў Беларусі, Украіне, Літве, Эстоніі. Трэба памятаць, што мы суседзі, па рознаму гісторыя нас пазіцыянавала, але мы павінны яе ведаць, мы павінны яе культываваць, аднолькава беларускіх паўстанцаў, польскіх паўстанцаў, украінскіх. Я думаю, што гэта вельмі важна, каб фільм “Паўстанец 1863” прагучаў у міжнародным кантэксце. Мы адкрытыя на супрацоўніцтва ў пытаннях дыстрыбуцыі ў розных месцах на свеце.

Падляшскае ваяводства прафінансавала вытворчасць фільма, пра што і распавёў маршалак Артур Касіцкі:

– Постаць ксяндза Станіслава з’яўляецца ўзорам для маладых людзей сучаснасці. Не толькі вялікі паляк, патрыёт, а таксама капелан. Чалавек, які заплаціў найвышэйшую цану за тое, каб сёння мы маглі жыць у вольна, незалежнай краіне. Студзеньскае паўстане трохі забытае ў польскім кінематографе, таму трэба пра гэта шмат казаць.

Пасля прагляду фільма гледачы, навучэнцы гарадскіх ліцэяў, змаглі паразмаўляць і зрабіць супольныя здымкі з рэжысёрам Тадэвушам Сыкам і акторам Ксаверыем Шленкерам – выканаўцам ролі Францішка Вільчынскага.

Беларускае Радыё Рацыя