BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

На фоне апошніх падзеяў па вызваленні некаторых вязняў з турмаў у Беларусі, у Беластоку прайшла сімвалічная штомесячная акцыя салідарнасці з тымі вязнямі, якія працягваюць заставацца за кратамі. І якія вымушаныя сустракаць свой дзень народзінаў у чэрвені ў месцах зняволення.

Гаворыць адна з удзельніцаў такой акцыі:

– На жаль, ужо на працягу каля трох гадоў мы выходзім кожны месяц для таго, каб выказаць сваю падтрымку, павіншаваць палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі, з днём нараджэння. Таму што многія з іх ужо пяты год, ці пяць гадоў сядзяць за кратамі ў нечалавечых умовах. Пра гэта мы ведалі і раней. Але яшчэ раз Сяргей Ціханоўскі паведаміў, што творыцца ў нашых беларускіх турмах. Гэта катавальня, гэта гестапа.

Іншая ўдзельніца акцыі не можа схаваць сваіх эмоцыяў ад убачанага, у якім стане былі вызваленыя днямі закладнікі рэжыму.

– Я вельмі задаволеная гэтымі навінамі, але калі глядзіш на гэтых людзей, якія выходзяць з турмы, баліць душа і сэрца. Я вельмі-вельмі хачу, каб усе выйшлі, і я буду выходзіць на гэтыя акцыі. Хацелася, каб яны захавалі сваё здароўе, вытрымалі тое, што з імі адбываецца. Трымайцеся. Мы будзем салідарныя з вамі. Будзем працягваць выходзіць. Верым, можам, пераможам!

На дадзены момант, па падліках беларускіх праваабаронцаў, па меншай меры каля 1200 палітвязняў працягваюць заставацца ў палоне. Каля 80 з іх вымушаныя сустракаць свой дзень народзінаў у чэрвені ў месцах зняволення.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя