У Беластоку прайшла традыцыйная штомесячная акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Яе сутнасць заключаецца ў тым, каб павіншаваць з днём народзінаў тых, хто вымушаны яго сустракаць за кратамі.

Гаворыць Іван – адзін з удзельнікаў акцыі:
– Акцыю гэту мы будзем праводзіць да той пары, пакуль рэжым Лукашэнкі не ўпадзе. І пакуль не выйдзе апошні палітзняволены з турмы, мы будзем выходзіць. Мы памятаем усіх сваіх палітвязняў, мы іх ведаем, мы будзем за іх выходзіць, таму што разумеем, як ім там цяжка. Можа, дай Бог, мы даможамся таго, каб іх усіх у адзін дзень вызвалілі. Калі яны ўсе выйдуць, гэта будзе самы шчаслівы дзень у Беларусі.
Удзельніца акцыі салідарнасці Надзея таксама адзначае важнасць правядзення такіх акцый найперш для падтрымкі тых, хто знаходзіцца зараз у зняволенні:
– Гэта праяўляецца наша салідарнасць, наша падтрымка тых палітвязняў, каторыя сядзяць і не бачаць волі, не бачаць сонца, неба. Калі бачна там, што людзі не губляюць нейкую мару, што штосьці зменіцца.
Па дадзеных праваабарончых арганізацыяў, зараз у зняволенні ў Беларусі знаходзяцца каля 1200 палітвязняў, 86 з якіх адзначалі свой дзень народзінаў у траўні.

Цалкам матэрыял:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя