Юбілейны дзясяты Падляшскі марш ценяў прайшоў вуліцамі Беластока. Акцыя прысвечаная памяці польскіх афіцэраў, жаўнераў Войска Польскага, Корпуса аховы памежжа і дзяржаўнай паліцыі, а таксама ахвяр Катыні забітых саветамі, зазначае арганізатар марша з таварыства “Група Усход” Анджэй Белючык:
– Мы таксама хочам нагадаць пра гэтую дату – 17 верасня. Тут у нас, на ўсходніх тэрыторыях, дзе была акупацыя, гэта асаблівая дата. Жаўнеры, якія змагаліся ў 42 палку, якія баранілі горад ад немцаў, адступілі ў Ваўкавыск, пазней у Гародню, а пазней у Вільню. Увесь час ішлі баі, таму гэта звязана з крэсамі.
Шэсце прайшло ў цішыні ад касцёла св. Роха па вуліцах Кракаўскай, Кілінскага і Марыі Складоўскай-Кюры да Катынскага помніка, месца малітвы і ўшанавання памяці не толькі забітых афіцэраў і жаўнераў, але і мірных ахвяр – кажа рэканструктар Здзіслаў Прушынскі:
– Гэта былі нашыя папярэднікі – дзяды, прадзеды. Яны аддалі свае жыцці, каб мы сёння маглі тут свабодна стаяць, маглі размаўляць па-польску, маглі выражаць свае думкі і жаданні. Нашым жаданнем з’яўляецца штогадовае ўшанаванне ў такога кшталту маршах, якія адбываюцца па ўсёй Польшчы.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Ініцыятарамі і арганізатарамі патрыятычнай акцыі выступілі рэканструктарскія клубы Падляшша, якія такі чынам захоўваюць і папулярызуюць гістарычную памяць сярод насельніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/StowarzyszenieGrupaWschod