Беларуская Дыяспара Беластока запрашае на акцыю “Разам супраць расейскай агрэсіі” з нагоды гадавіны пачатку вайны Расеі супраць Украіны, якая адбудзецца 24 лютага каля помніка Пілсудскаму на рынку Касцюшкі а 18:00.
Гаворыць Ян Абадоўскі, адзін з актывістаў-заўсёднікаў, які ладзіць акцыі салідарнасці ў Беластоку:
– 24-га лютага другая гадавіна вайны ва Украіне. На жаль у Беластоку невялікая ўкраінская дыяспара, таму беларуская дыяспара ад самага пачатку вайны праводзіла шматлікія акцыі каля консульства і ў цэнтры Беластока ў падтрымку Украіны. Год таму мы рабілі акцыю ў цэнтры Беластока разам з гарадскімі ўладамі. У гэтым годзе мы арганізоўваем акцыю пры дапамозе гарадскіх уладаў.
Таму лічым, што кожны беларус, які хвалюецца з-за сённяшняй сітуацыі ва Украіне, павінен прыйсці на гэтую акцыю, каб выказаць і паказаць сваю падтрымку беларусам, якія бароняць тэрыторыю Украіны, якія змагаюцца ў розных частках. Таксама выказаць падтрымку ўкраінцам, яна вельмі патрэбная менавіта зараз.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Некаму можа падасца, навошта праводзіць акцыі, якія не прыносяць рэальнай дапамогі абаронцам Украіны. Насамрэч, медыйная акцыя, у свеце інфармацыйнай вайны вельмі важная, каб паўплываць на тых, хто прымае рашэнні ў гэтым канфлікце.
Беларускае Радыё Рацыя