BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку распачынае працу “Медыяшкола 2.0”

У Белстоку ў каворкінгу “МедыяПорт Беларусь” напачатку лютага распачынае сваю працу “Медыяшкола 2.0”. Гэта офлайнавыя бясплатныя курсы для тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў прафесіі журналіста ці ў калямедыйнай сферы. Заняткі будуць праводзіцца цягам двух месяцаў практыкуючымі журналістамі на базе каворкінаг па адрасе Сінкевіча, 44. Таксама плануюцца экскурсіі ў дзеючыя рэдакцыі СМІ Беластоку.

Фота: БАЖ

Пра тое як патрапіць у медыяшколу і што яна з сябе ўяўляе, расказвае “Госць Рацыі” – каардынатар праекту Аляксей Шота:

-Гэтая школа – вельмі важны для нас у Беластоку праект на базе нашага каворкінгу “МедыяПорт Беларусь”. Гэта спроба знайсці новых людзей для беларускіх медыя, бо не сакрэт, што зараз у беларускіх медыя працягваецца крызіс у розных сферах, крызіс фінансавання, мы бачым, як вельмі класныя праекты скарачаюцца, з цяжкасцю знаходзяць фінансаванне. З іншага боку, ёсць праблемы з людзьмі. Многія людзі сышлі з прафесіі па розных прычынах, многія змянілі сферу дзейнасці, таксама недафінансаванне сферы, людзі сыходзяць. І цяжка знайсці новых. Мы павінны выгадаваць, навучыць новых людзей, новых журналістаў самі. Для таго такія школы і ствараюцца.

Летась праходзіла медыяшкола ў Беластоку, і гэта была адная з першых спробаў зрабіць гэта ў эміграцыі. Зараз ужо ёсць “Пясочніца” Прэс-клуба, ёсць курсы ў БАЖа, гэтая сфера развіваецца. Але мне здаецца, што мы адзіныя, хто праводзіць зараз школу менавіта офлайн. У сувязі з тым, што беларусы расцярушаныя па свеце, раскіданыя, лагічна многім падаецца выкладаць онлайн, рабіць зум-школкі. Для нас важна рабіць офлайн. У нас распрацавана неблагая праграма. Мы ў пэўным сэнсе базуемся, з’яўляемся нашчадкамі школы яшчэ гарадзенскай – Школы маладога журналіста, школы сучаснай журналістыкі, у якой самі мы выхоўваліся. І ў свой час ледзь не палова ньюсрума – «Белсат», «Радыё Рацыя», іншыя медыя беларускія, газеты калі яшчэ выходзілі, у многіх розных сферах і розных фарматах былі выпускнікі гэтай гарадзенскай школы. І я яе выпускнік. А зараз мы робім такога нашчадка яе.

Запісацца ў “Медыяшколу 2.0” у Беластоку можна да канца бягучага месяца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя