5 кастрычніка 2025 г. а 15-й у хабе «Новая Зямля» (ul. Św. Rocha 5/32, Беласток) адбудзецца сустрэча, прысвечаная запуску збору сродкаў на выданне кнігі «Могілкі беларусаў Падляшша».
Аўтарка кнігі, даследчыца гісторыі і культуры Вольга Сямашка, прадставіць сваю працу, якая аб’ядноўвае гістарычныя і этнаграфічныя матэрыялы, палявыя даследаванні і асабісты досвед упарадкавання і даследавання могілак на Падляшшы.

Кніга паказвае, як памяць пра спачылых продкаў стварае жывую сувязь паміж аўтахтоннымі жыхарамі Падляшша і новымі пакаленнямі беларускай дыяспары. Праз аналіз пахаванняў як месцаў памяці аўтар прапануе новы погляд на беларускую ідэнтычнасць у рэгіёне, дэманструючы, як традыцыя становіцца падмуркам культурнай супольнасці.
У праграме сустрэчы:
- расповед пра змест і канцэпцыю кнігі;
- абмеркаванне спадарожных мерапрыемстваў і планаў прэзентацый;
- афіцыйны старт грамадскага збору сродкаў на выданне кнігі.
Запланаваны наклад — 200 асобнікаў.
Цана аднаго выдання — 92,15 zł, і кожны ахвяраваны злоты стане ўкладам у захаванне памяці пра беларусаў Падляшша.


Арганізатар: Ініцыятыва па ахове магіл беларусаў
Інфапартнёры: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, хаб «Новая Зямля», Фонд «Тутака»





