Беларускі з беластоцкай дыяспары правялі чарговую штомесячную акцыю салідарнасці з тымі беларускімі палітвязнямі, якія вымушаны сустракаць свой дзень народзінаў у лістападзе за кратамі. Яны выйшлі да помніка ксяндзу Ежы Папялушку з больш чым пяццю дзясяткамі фотаздымкаў палітычных вязняў.
Гаворыць адна з удзельніц акцыі салідарнасці:
– Кожны месяц, ужо на працягу некалькіх гадоў… на жаль, мы кожны раз думаем, што гэта апошні раз, што адбудуцца перамены, што рухне рэжым, але надыходзіць новы месяц, з’яўляецца ўсё больш палітвязняў, кагосьці выпускаюць, але яшчэ больш садзяць. Таму кожны месяц мы збіраемся з актыўнымі беларусамі і беларускамі ў Беластоку, каб нагадаць усім, колькі людзей сядзіць у турмах у Беларусі, і гэтыя людзі, на жаль, ужо адзначаюць не першы раз свае дні народзінаў за кратамі.
Толькі па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», як мінімум 103 палітычных зняволеных сустракаюць свой дзень народзінаў у гэтым месяцы – за кратамі. Агулам жа, на дадзены момант, у месцах зняволення знаходзіцца па меншай меры – 1287 чалавек.
Цалкам матэрыял:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя