
У Беластоцкай палітэхніцы прайшла фінальная гала-ўрачыстасць, дзе былі прадстаўлены лепшыя тэхнікумы Падляшша паводле рэйтынгу Perspektywy 2024. Другое месца заняў Лесатэхнічны тэхнікум у Белавежы.

Намеснік дырэктара ўстановы Марыюш Такаюк пра беларускіх навучэнцаў і памежную супрацу:
– Маем ужо беларуску, якая хоча паступіць у нашую навучальную ўстанову, нягледзячы на тое, што яна вучыцца яшчэ ў апошнім класе ў Беларусі. Разлічваем таксама на вучняў і з гэтага боку. Калі ідзе пра супрацу з калегамі з Беларусі, то яна завяршылася некалькі гадоў таму. Мы ўтрымлівалі кантакты з Пружанамі, з кіраўніцтвам сельскагаспадарчай навучальнай установы. Былі візіты, але ўжо даўно.

Пра беларускіх навучэнцаў выказаліся і прарэктар па справах студэнтаў Беластоцкай палітэхнікі Яраслаў Шуста і намесніца дырэктара беластоцкага Гандлёва-эканамічнага тэхнікуму, які заняў трэцяе месца, Станіслава Кобус:
– Ёсць навучэнцы з Беларусі, спраўляюцца, адаптаваліся да нашых умоваў. Яны атрымліваюць падтрымку з боку выкладчыкаў, дапамагаем. Усе гэтыя дзеянні скіраваныя на тое, каб яны дасягнулі поспеху.
Найлепшым тэхнікумам ваяводства, паводле рэйтынгу “Perspektywy 2024”, названы Электратэхнікум у Беластоку.


Беларускае Радыё Рацыя