BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку зайграў гурт Wandrounik

У рамках Беластоцкага музычнага клуба, які летась арганізавалі тут беларусы, адбыўся канцэрт маладога гурта з Падляшша – Wandrounik. Ён адметны тым, што выконвае арыгінальныя каверы на песні такіх падляшскіх гуртоў як Кардон альбо Veritas. Акрамя гэтага – рок-аранжыроўкі на народныя беларускія песні, а таксама свае кампазіцыі.

Кажа ўдзельнік гурта Яцэк Дружба:

– Бачыш публіку, якая глядзіць на цябе, і ты такі: ім падабаецца, гэта тое. І мы проста ў шоку, сыгралі добра, як маглі. Думаю, што ўсім спадабалася.

Прысутныя:

– Вельмі файная і светлая музыка была. Не важна, ці гаворыш па-беларуску, але музыка добрая.

– Упершыню ў беластоцкім музычным клубе граў гурт, які польскі, мясцовы, але хлопцы спяваюць на беларускай мове, якія падтрымліваюць беларускую культуру і культуру беларусаў тут, на Падляшшы, якія тут жылі заўсёды. І я так лічу, што гэта важны такі момант, які аб’ядноўвае тых, хто прыехаў, і тых, хто тут быў заўсёды.

Беластоцкі музычны клуб, у рамках якога зайграў гурт Wandrounik, быў арганізаваны летась музыкамі, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі і аселі ў Беластоку. Час ад часу на пляцоўцы бара Beer4U клубам ладзяцца падобныя канцэрты.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя