У самым сэрцы Белавежскай пушчы па польскім яе баку ў другі раз прайшоў дабрачынны лагер для дзяцей беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных бацькоў – гэтым разам «зімнік» «Зубровыя сцежкі». Агулам там цягам дзвюх зменаў пабывалі 36 дзетак з усёй Польшчы і Літвы.

Гаворыць арганізатарка і натхняльніца «зімніка» «Зубровыя сцежкі» – Марыя Грыц, з якой пагутарыў наш калега Юрась Дзяшук.
РР: Як у гэтым годзе праходзяць «Зубровыя сцежкі»?
Марыя Грыц: Гэта вельмі смелы эксперымент быў сабраць дзетак на зімовыя канікулы таксама ў лагер. Мэта такая ж самая – прыходзяць канікулы, бацькі занятыя рознымі справамі, і выжывальніцкімі, і проста побытавымі. А дзеці шмат хто з лета казалі, калі ласка, вазьміце нас яшчэ раз. І я падумала, што можа зімой таксама. Ніхто не чакаў, канешне, што прыйдзе такая зіма, і ў нас былі крыху экстрэмальныя ўмовы, калі быў моцны мароз, холадна было нават выходзіць з дому. То сядзець з васямнаццаццю дзецьмі ў хаце – гэта той яшчэ выклік.
РР: Колькі дзяцей праходзіць праз ваш зімнік?
Марыя Грыц: У нас два заезды атрымаліся па 18 дзетак, то бок, 36 чалавек пырехала да нас у пушчу.
РР: Адкуль?
Марыя Грыц: У нас яшчэ шырэй стала геаграфія. З Кракава да нас прыехалі трое дзетак, і з Літвы таксама дзяўчынка.
РР: Чым тут дзеці занятыя?

Марыя Грыц: Я арганізавала сёлета менавіта зімовыя забавы. Да нас прыехалі “паўстанцы”. Пасля гэтага мы будзем ляпіць іглу. Я сумняюся, што мы злепім іглу, хутчэй за ўсё проста дзеці будуць біцца ў снежкі, але хаця б трошачку мы паглядзім, як гэта ўвогуле складаць у тэорыі. Яшчэ мы рабілі кармушкі адмысловыя – бралі апельсін і напіхвалі туды кашу і павеслі ў сад. Потым дзеці бралі біноклі і праз вакно назіралі, якія птушкі прыляталі. Потым бралі птушыныя вызначальнікі, і гэта былі такія гарачыя спрэчкі – ці гэта сініца-лазараўка, ці гэта звычайная сініца. А хтосьці пабачыў сініцу-хахлатку і там ледзь бойка не пачалася, што ніякая гэта не хахлатка. Потым зусім не зімовая была забава – мы запускалі паветраных змеяў. Хадзілі ў лес, шмат шпацыравалі па лесе – і днём і ноччу хадзілі глядзець, што адбываецца ў лесе. І ездзілі ў рэзерват пушчы – там заўжды ёсць што паглядзець. Зімой гэта цэлая энцыклапедыя слядоў. Мы бачылі сляды воўчыных лапаў.

Цалкам гутарка:









Беларускае Радыё Рацыя






