У Белавежы адбылося ўрачыстае асвячэнне помніка мясцоваму ўраджэнцу, спачыламу айцу Канстанціну Байко.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай супольнасці, духавенства, госці з іншых рэгіёнаў, а таксама сям’я айца Байко — яго дачка Зоя і нашчадкі. Сярод гасцей была прысутная і кіраўнік Бюро нацыянальных меншасцяў Маршалкоўскай управы ў Беластоку Кацярына Карэцкая.
Асвячэнне помніка здзейсніў Яго Эксцэленцыя біскуп Гайнаўскі Павел:
– З Белавежы паходзіў такі каплан, якія ўсё сваё жыццё аддаў на службу Богу. Шмат сваёй энергіі прысвяціў таму, каб вучыць дзяцей рэлігіі, асноў жыцця і паводзін. Вучыў таксама, каб памятаць пра тое, дзеля чаго мы жывём на зямлі.
Акрамя гэтага ў Белавежскім асяродку культуры адбылася лекцыя-сустрэча памяці а. Канстанціна Байко, якую правёў Дарафей Фіёнік. Прагучалі ўспаміны пра дзяцінства святара, яго настаўніцтва ў Бельску-Падляшскім і ссылку ў Савецкі Саюз. Стратэгічным партнёрам урачыстасці выступіла Падляшскае ваяводства.




Беларускае Радыё Рацыя
Фота Люцыны Грыгарук-Смактуновіч






