BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Белавежы адсвяткуюць Купалле

Сапраўднае беларускае Купалле ў Белавежы. У суботу, 5 ліпеня, у белавежскім амфітэатры пройдзе традыцыйнае святкаванне Купалля, якое ўжо шмат дзесяцігоддзяў ладзіць Беларускае грамадска-культурнае таварыства. На гэтую падзею, а таксама на іншыя летнія імпрэзы запрашае старшыня БГКТ Васіль Сегень – сённяшні Госць Рацыі, з якім размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.

РР: Купалле – свята, якое крочыць па розных падляшскіх мясцовасцях. Нядаўна святкавалі ў Залуках, але традыцыйна БГКТ арганізуе вялікае, маштабнае Купалле ў Белавежы заўтра. Што нас чакае?

Васіль Сегень: Так, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ўжо колькі гадоў, можна сказаць дзесяцігоддзяў, арганізуе Купалле, якое ў сваёй назве мае слова “беларускае”. Апошнія гады з’явілася вельмі шмат імпрэзаў, якія прысвечаныя гэтай купальскай ночы, але нашае самае даўняе з вялікай і прыгожай гісторыяй. 

Белавежа таксама традыцыйнае месца сустрэчы і тых, хто жадае паслухаць купальскі канцэрт, прыняць удзел у купальскім карагодзе ці нават пусціць свой вяночак на рэчку.

РР: То бок такія традыцыйныя элементы беларускага свята прысутнічаюць?

Васіль Сегень: Так. У купальскую ноч ці ў гэты вечар, калі праходзіць гэтае мерапрыемства, выступаюць таксама абрадавыя элементы, хоць яны ўжо ў большай ступені менш натуральныя, чым гэта бывала, тэатралізаванае, але хочам захоўваць вось гэтыя астаткі традыцыі гэтага свята, і такія элементы прысутнічаюць.

РР: І вось гэты купальскі карагод будзе яшчэ перад канцэртам? Я так разумею, што ўсе калектывы будуць удзельнічаць і ісці шэсцем вось гэтым карагодам.

Васіль Сегень: Так. Пачынаем з-пад Белавежскага цэнтра культуры, і кароценькі такі праход карагоднага шэсця на месца канцэрта ў белавежскі амфітэатр. Звычайна гэта калектывы, якія ідуць і нясуць вянкі, спяваюць “Купалінку”. Але, канешне, далучаюцца, і сардэчна запрашаем да гэтага, староннія госці, гледачы, якія прыязджаюць на гэтае свята.

РР: Я адразу скажу, што купальскі карагод для тых, хто хоча заўтра, 5 ліпеня, у Белавежы паўдзельнічаць, пачнецца ў 18.30, а вось урачысты канцэрт а 19.00 да паўночы будзе, а мо хто і да раніцы будзе папараць-кветку шукаць?

Васіль Сегень: Гэта магчыма, канешне. На гэтым канцэртна-забаўляльным этапе нашага свята, канешне, ёсць канцэрт, а пасля танцавальная забава, якая закончыцца якраз апоўначы. Сардэчна запрашаем прымаць удзел ва ўсіх этапах нашага свята. А хто ведае, можа, каму пашчасціць і знайсці папараць-кветку.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя