BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Бельску адбудзецца сустрэча з Дарафеем Фіёнікам – аўтарам кнігі пра род Сегеневічаў

У Бельску-Падляшскім з нагоды 530-годдзя надання Магдэбурскага права і з’яўлення «Пралогу» – найстарэйшай захаванай рукапіснай кнігі, створанай у гэтым горадзе, адбудзецца творчая сустрэча з Дарафеем Фіёнікам, які з’яўляецца аўтарам кнігі «Бельск, Студзіводы і Сегеневічы ў 16 стагоддзі».

Кажа Дарафей Фіёнік:

-Бельск – гэта фундамент нашай тоеснасці. Бельскае мяшчанства стварыла культуру. Гэта дзякуючы ім стварыўся Супрасльскі Благавешчанскі манастыр. Дзякуючы ім ствараліся выдатныя творы пісьменства, як “Пралог Бельскі”, якога 530-годдзе ў гэтым годзе мы адзначаем. Яны таксама спрычыніліся да стварэння Бібліі Мацвея Дзясятага – аднаго з шэдэўраў славянскага пісьменства канца эпохі сярэднявечча – пачатку Рэнесансу.

Дарафей Фіёнік адзначае, што лёс роду Сегеневічаў непарыўна звязаны з Падляшшам, на той час неад’емнай часткай Вялікага Княства Літоўскага:

-Сегеневічы – іх гісторыя паказвае, што наша традыцыя – тутэйшая. Што нашая высокая культура – тутэйшая. Яна не прывезена, мы чэрпалі толькі з вялікай культуры Балкан, Русі, а таксама Захаду. І тут, на Падляшшы, у Бельску, сабралася менавіта тая эліта тагачаснага заходняга краю Вялікага Княства Літоўскага.

Сустрэча з Дарафеем Фіёнікам адбудзецца 13 сакавіка ў гарадской бібліятэцы Бельска-Падляшскага. Пачатак а 17-й гадзіне.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя