Вернісаж выставы з традыцыйнай для яго аўтарскай экскурсіяй Кацярыны Ваданосавай і канцэртам адбудзецца 11 верасня ў 18.00. Падчас канцэрту будуць выкананыя ўласная музыка і песні Кацярыны Ваданосавай.

Удзельнікі канцэрту:
Кацярына Ваданосава – вакал, духавыя.
Стэфанія Ваданосава, дачка Кацярыны Ваданосавай – вакал, скрыпка.
Ігар Палынскі – гітара.
Аляксандра Канафальская – пескаграфія. На экране будуць праектавацца настроі і сюжэт песень.
Выстава гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў аўтарства Кацярыны Ваданосавай у Бельску Падляшскім будзе даступная для наведнікаў з 11 верасня па 31 снежня 2025 года.
Добрая навіна — экспазіцыя пашыраецца! Ранейшыя 14 рэканструкцый строяў ад ХІ стагоддзя да пачатку XX папоўняць новыя, якіх вы яшчэ не бачылі. Сярод іх, напрыклад, мужчынскі строй паўстанца 1863 года, шляхецкі строй пачатку 17 стагоддзя, рэканструкцыя строю заможнай вясковай жыхаркі 12 стагоддзя. І, канешне, панямонскі традыцыйны беларускі строй.
Усе строі выкананыя ўручную. На стварэнне такога адзення сыходзяць месяцы і нават гады працы. Строі з выставы – гэта не толькі мастацкія творы, але і вынік навуковага даследавання. Яны выкананыя з выкарыстаннем аўтэнтычных тэхнік працы з тэкстылем, такіх, як вышыўка, ткацтва, шытво, крой, вязанне і пляценне. Усе элементы адзення і аксесуары маюць адпаведнікі ў гістарычных крыніцах.
Кацярына Ваданосава – майстрыха гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў і тэкстыльных тэхнік, заснавальніца Школы традыцыйнага строю ў Беластоку, гісторык і рэлігіязнаўца, тэлевядучая, журналістка, спявачка, грамадская дзяячка.
Аляксандра Канафальская – SandArt-мастачка, якая ўваходзіць у дзясятку найлепшых у свеце мастакоў па пяску.
Арганізатары: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, MUZEUM OBOJGA NARODÓW у Бельску-Падляшскім.
Паводле прэс-рэлізу






