“Сумны суп” ды “Чорт і бабы” – такія спектаклі ўжо заўтра змогуць паглядзець жыхары Бельска-Падляшскага.


Выключнасць спектакляў апрача таго, што яны на беларускай мове, у тым, што акцёрамі з’яўляюцца вучні, – кажа рэжысёрка спектакляў Яанна Троц з тэатра “Чрэво”:
-Дзеці з першага па трэці клас пачатковай школы рыхтуюць «Сумны суп» – гэта тэкст Вольгі Гапеевай. У нас з’явілася такая кніжачка вельмі цікавая. І на падставе гэтай кніжкі мы пачалі працу. А другі спектакль – гэта «Чорт і бабы» на аснове камедыі беларускага класіка Францішка Аляхновіча. І тут ужо старэйшыя рыхтуюць. Гэта на аснове народнай казкі.
Спектаклі зможам паглядзець у аўторак 18 чэрвеня а 9-й і 17-й гадзінах у непублічнай школе нумар 1 па вуліцы Рэйтана у Бельску-Падляшскім. Мерапрыемства ладзяць фонд “ Яны гэта мы” і фонд тэатр “ Чрэво” у рамках праекту “Беларускія вячоркі” пры фінансавай падтрымцы маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя